Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 верасня 2025, 15:41

Магілёў рыхтуецца прыняць чэмпіянат СНД па марафоне
 

Фота з архіва
Фота з архіва
25 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат СНД па марафоне, адкрыты чэмпіянат Беларусі па марафоне і Магілёўскі міжнародны марафон пройдуць у абласным цэнтры 28 верасня. Аб гэтым паведамілі арганізатары ў час тэматычнай прэс-канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту Дзмітрый Сіваў, Магілёўскі міжнародны марафон пройдзе ўжо шосты раз, ён будзе праводзіцца адначасова з чацвёртым адкрытым чэмпіянатам Беларусі па марафоне і чэмпіянатам СНД па марафоне, які Беларусь прымае ўпершыню.

"У адкрытым чэмпіянаце мы вызначым лепшых спартсменаў па гэтай дысцыпліне ў нашай краіне. Таксама разыграем камандны камплект узнагарод паміж абласцямі, - адзначыў Дзмітрый Сіваў. - Упершыню ў гісторыі нашай краіны пройдзе чэмпіянат СНД па марафоне. Пацвердзілі ўжо свой удзел у ім зборныя Беларусі, Расіі і Узбекістана. Вырашаецца пытанне па ўдзеле каманды Кыргызстана".

Кожную краіну прадставяць трое мужчын і тры жанчыны. Адбор у нацыянальную зборную Беларусі праходзіў па зацверджаных крытэрыях, ключавых з якіх стаў удзел у адкрытым чэмпіянаце па паўмарафоне, які прайшоў 7 верасня ў Мінску.

Старт і фініш усіх дыстанцый размесцяцца каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу Н2О. У 10.00 пачнецца самы масавы забег на 3 км. У 11.00 стартуюць спартсмены на дыстанцыю крыху больш за 42 км, 10 км і тыя, хто ўдзельнічае ў каманднай эстафеце. Маршрут будзе пралягаць па вуліцах Златавустаўскага, Цярохіна, Фаціна, Вялікай Чавускай, Пушкінскім праспекце і парку Падніколле. Арганізатары падкрэслілі, што па маршруце марафону часткова будзе перакрыты рух са старту і да самага апошняга ўдзельніка.

Галоўная бегавая падзея ў абласным цэнтры з кожным годам прырастае ўдзельнікамі, і акрамя прафесійных спартсменаў пакараць дыстанцыі будуць проста аматары бегу. "Заяўкі яшчэ прымаюцца, таму склад краін-удзельніц яшчэ не канчатковы", - адзначыў начальнік аддзела спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама Дзмітрый Лацянкоў.

Паводле яго слоў, на марафонскую дыстанцыю пададзена ўжо больш за 120 заявак аматараў бегу. Да іх далучацца прафесійныя спартсмены - каля 30 чалавек. На дыстанцыю 10 км падалі ўжо заяўкі каля 450 чалавек. "Прыедзе да нас і шмат аматараў бегу з розных краін. Свой удзел пацвердзіў грамадзянін Егіпта - пабяжыць 42 км, а 10 км будзе пераадольваць іспанец. Гэтыя краіны ўпершыню будуць прадстаўлены на нашым марафоне, - падкрэсліў Дзмітрый Лацянкоў. - Таксама на старт выйдуць грамадзяне Кітая".

Папулярнасць набірае і сямейны забег. У мінулым годзе на старт выйшла 300 чалавек, а ў гэтым плануецца ўжо 500. Кожнае дзіця на фінішы атрымае памятны медаль.

Арганізатары падрыхтавалі насычаную забаўляльную праграму. "Тэматычныя лакацыі будуць сканцэнтраваны ў зоне старту і фінішу. Установім вялікую сцэнічную пляцоўку. З 10.00 да 17.00 тут будуць ісці канцэртныя выступленні, арганізаваны лакацыі з актыўнасцямі для дзяцей і дарослых, фуд-корт, тэматычныя пляцоўкі ад партнёраў марафону. Таксама сярод удзельнікаў падзеі разыграюць прызы ў латарэі" - адзначылі арганізатары марафону.

Магіляўчанін Мікіта Чахоўскі ўдзельнічае ў марафоне з 2017 года. І на гэты раз не прапусціць старт. "Магілёўскі марафон - асаблівы старт, да якога хочацца вяртацца, нават калі не ў лепшай форме. У гэтым годзе канкурэнцыя будзе сур'ёзнай - прыедуць моцныя бегуны з іншых краін. Але мы гатовы даць бой, - падзяліўся ён. - На гэты раз буду выступаць за каманду "Горная Беларусь" у заліку чэмпіянату СНД і чэмпіянату Беларусі адначасова".

Дзмітрый Сіваў запрасіў усіх жадаючых прыйсці на марафон - калі не самому ўдзельнічаць, то падтрымаць спартсменаў, таму што ім трэба пераадолець не самую простую дыстанцыю.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў прадоўжыцца да 26 верасня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі