Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 снежня 2022, 11:47

Футбалісты Бразіліі сталі чвэрцьфіналістамі ЧС у Катары

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Бразіліі выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету ў Катары, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У матчы 1/8 фіналу з камандай Рэспублікі Карэя пяціразовыя ўладальнікі Кубка планеты мелі абсалютную перавагу і выйгралі з вялікім лікам 4:1. Ужо да перапынку Вінісіус Жуніяр, Неймар (з пенальці), Рышарлісан і Лукас Пакета забілі чатыры мячы, зняўшы ўсе пытанні аб пераможцу. У другой палавіне сустрэчы бразільцы збавілі абароты, і Сын Хо Бэк адыграў адзін мяч.

Сапернікам бразільскай каманды ў чвэрцьфінале будзе сярэбраны прызёр ЧС-2018 зборная Харватыі, якая ў 1/8 фіналу толькі ў серыі пасляматчавых пенальці перамагла японцаў - 3:1 (гульнявы час - 1:1).   

Раней вызначыліся яшчэ дзве чвэрцьфінальныя пары: Нідэрланды - Аргенціна, Англія - Францыя.

Паўфінальныя паядынкі пройдуць 13 і 14 снежня, іх няўдачнікі 17 снежня паспаборнічаюць за бронзавыя ўзнагароды сусветнага першынства. Пераможцы паўфіналаў 18 снежня сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул на полі Нацыянальнага стадыёна ў Лусаіле, які ўмяшчае 89 тыс. гледачоў. Сустрэчы ЧС-2022 прымаюць восем футбольных арэн Катара.

У фінале мінулага планетарнага форуму, што праходзіў у 2018 годзе ў Расіі, зборная Францыі перамагла харватаў з лікам 4:2, бронзу заваявалі бельгійцы, якія перамаглі ў матчы за 3-е месца англічан з рэзультатам 2:0. Зборная Бразіліі пяць разоў станавілася чэмпіёнам свету, на адзін тытул менш у Германіі і Італіі, па два разы лепшымі былі зборныя Францыі, Аргенціны і Уругвая, па разе - Англія і Іспанія.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі