Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 сакавіка 2022, 17:27

БФБ: прадаўжаем узаемадзеянне з IBU і работу па аднаўленні нашых правоў

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская федэрацыя біятлона апублікавала афіцыйную заяву адносна рашэння IBU па прыпыненні членства Беларусі ў саюзе, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт БФБ.

"Мы катэгарычна не згодны з рашэннем Выканкама Міжнароднага саюза біятланістаў па прыпыненні нашага членства ў саюзе і адхіленні спартсменаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай IBU. У сувязі з гэтым да ведама кіраўніцтва IBU даведзена наша пазіцыя аб неабгрунтаванасці прынятых рашэнняў, якая змяшчае пераканаўчыя довады і аргументы на карысць іх хутчэйшай адмены. Аб'ектыўна ацэньваючы бягучую сітуацыю, абвінавачанні і абмежаванні ў адносінах да беларускага біятлона, мы разам з Саюзам біятланістаў Расіі прадаўжаем актыўна працаваць над аднаўленнем правоў федэрацыі і нашых спартсменаў з прымяненнем шырокага арсенала юрыдычных сродкаў і іншых магчымасцей. Узаемадзеянне з IBU па гэтым і іншых пытаннях прадаўжаецца, у нас ёсць дастаткова часу да пачатку спаборніцкага сезона і чарговага Кангрэса IBU, які пройдзе ў верасні 2022 года, каб дэталёва разабрацца ў сітуацыі і прыняць меры па аднаўленні справядлівасці. Беларуская федэрацыя біятлона робіць усё, што ад нас залежыць, для абароны законных правоў беларускага біятлона, атлетаў, трэнераў і спартыўнай грамадскасці, кіруючыся інтарэсамі айчыннага біятлона і дзеля яго будучыні", - гаворыцца ў тэксце заявы.

Раней Выканкам Міжнароднага саюза біятланістаў аднагалосна прыняў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці федэрацый Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва арганізацыі сочыць за развіццём падзей і можа перагледзець рашэнне ў выпадку змянення абставін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі