Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 верасня 2019, 15:17

Беларускія валейбалісты ўступілі зборнай Славеніі на старце чэмпіянату Еўропы

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісты зборнай Беларусі прайгралі славенцам з лікам 0:3 (17:25, 14:25, 19:25) на старце чэмпіянату Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Свой першы паядынак у папярэдняй групе С у славенскай Любляне супраць віцэ-чэмпіёнаў Еўропы-2015, зборнай Славеніі беларусы пачалі вельмі добра і да сярэдзіны першай партыі нічым не ўступалі адным з фаварытаў групы. Аднак з цягам часу ў падапечных Віктара Бекшы абазначыліся праблемы з прыёмам.

У другім сэце трэнер беларусаў стараўся асвяжыць гульню каманды заменамі, але марна. Перавага славенскай каманды была яшчэ больш важкай - 25:14. У трэцяй партыі беларусы папсавалі нямала нерваў адным з гаспадароў кантынентальнага першынства, але ў выніку канкурэнты зноў аказаліся мацнейшымі - 25:19.

У другі гульнявы дзень чэмпіянату, 13 верасня беларусы згуляюць з адным з фаварытаў кантынентальнага першынства, зборнай Расіі. У яе складзе выступаюць два выхаванцы беларускага валейбола Аляксандр Буцько і Ягор Клюка. У першай сустрэчы падапечныя фінскага спецыяліста Туамаса Самельвуа без праблем абыгралі каманду Турцыі з лікам 3:1 (25:13, 23:25, 25:17, 25:15).

Яшчэ ў адным паядынку групы С фіны разабраліся з сапернікамі з Паўночнай Македоніі - 3:1 (25:23, 25:22, 23:25, 25:21). З гэтымі зборнымі падапечныя Віктара Бекшы згуляюць 15 і 16 верасня адпаведна. 17 верасня беларускія валейбалісты завершаць першы этап турніру сустрэчай з Турцыяй. Усе матчы беларускай зборнай пакажа тэлеканал "Беларусь 5".

Склады астатніх груп:

А (Манпелье, Францыя) - Францыя, Італія, Балгарыя, Партугалія, Грэцыя, Румынія;

В (Брусель, Антверпен, Бельгія) - Бельгія, Сербія, Германія, Славакія, Іспанія, Аўстрыя;

D (Ратэрдам, Амстэрдам, Нідэрланды) - Нідэрланды, Польшча, Чэхія, Эстонія, Украіна, Чарнагорыя.

Матчы 1/8 фіналу, куды трапяць па чатыры лепшыя каманды з кожнай групы, адбудуцца 21 верасня. Чвэрцьфіналы пройдуць 23-24 верасня, паўфіналы - 26-27 верасня, медальныя паядынкі адбудуцца 28-29 верасня. Паўфінальныя паядынкі пройдуць у спартыўна-канцэртным комплексе "Акор хотэлс-Арэна" ў Парыжы і на "Арэне Стожыцэ" ў Любляне, матч за 3-е месца і фінал адбудуцца ў Парыжы.

Для мужчынскай зборнай Беларусі кантынентальны форум стане трэцім у гісторыі. У 2013 і 2015 гадах каманда пад кіраўніцтвам расійскага спецыяліста Віктара Сідзельнікава не змагла пераадолець групавы папярэдні раўнд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі