Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 мая 2020, 11:31

Арцём Каралёк і Барыс Пухоўскі могуць увайсці ў All-star Team гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два беларускія гандбалісты трапілі ў лік прэтэндэнтаў на ўваход у сімвалічную зборную - All-star Team - Лігі чэмпіёнаў, якая яшчэ не завяршылася, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод намінантаў на лепшага іграка на пазіцыі лінейнага беларус Арцём Каралёк, які выступае за польскі "Вівэ" з Кельцаў. Гандбалісты "Вівэ" занялі 3-е месца ў групе В, прабіўшыся ў 1/8 фіналу галоўнага кантынентальнага турніру. На групавым этапе Арцём Каралёк закінуў 52 мячы.

Таксама ў ліку прэтэндэнтаў на ўваход у сімвалічную зборную беларускі разыгрываючы ўкраінскага "Матора" з Запарожжа Барыс Пухоўскі. Ён закінуў 74 мячы, але гэта не дапамагло чэмпіёнам Украіны трапіць у плэй-оф ЛЧ.

Усяго сярод намінантаў 50 чалавек, з якіх будуць выбраны лепшыя ігракі па пазіцыях, а таксама лепшы трэнер і малады ігрок (1997 года нараджэння і маладзейшыя).

Галасаванне балельшчыкаў пачнецца ў аўторак, 26 мая. Раней лепшым дэбютантам Лігі чэмпіёнаў быў прызнаны 24-гадовы правы крайні зборнай Беларусі і Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова Мікіта Вайлупаў.

У гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў прайшоў толькі групавы этап. Затым у сакавіку ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Еўрапейская федэрацыя гандбола прыняла рашэнне не праводзіць матчы 1/8 і 1/4 фіналаў, а завяршыць сезон "Фіналам чатырох", у якім выступяць па дзве лепшыя каманды з дзвюх груп: іспанская "Барселона", французскі "Пары Сен-Жэрмен", нямецкі "Кіль", венгерскі "Веспрэм". Плануецца, што вырашальны этап чэмпіёнскай Лігі пройдзе 28-29 снежня ў нямецкім Кёльне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі