9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Важна забяспечыць для абітурыентаў роўныя магчымасці для паступлення. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзмітрый Баско пасля пасяджэння дзяржаўнай камісіі па кантролі за падрыхтоўкай і правядзеннем уступнай кампаніі 2021 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асноўнай задачай дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі з'яўляецца забеспячэнне для абітурыентаў роўных магчымасцей для паступлення на аснове існуючых ведаў. Традыцыйна кантроль будзе арганізаваны на трох узроўнях: на ўзроўні дзяржкамісіі, створанай рашэннем кіраўніка дзяржавы, абласных камісій і таксама камісій па кантролі, якія створаны ва ўстановах адукацыі", - адзначыў намеснік старшыні камітэта.
Дзмітрый Баско звярнуў увагу абітурыентаў і іх бацькоў на неабходнасць выканання ўсіх патрабаванняў да правядзення ЦТ. "Гэта ў тым ліку і прапускны рэжым. Акрамя таго, шмат выпадкаў, калі забываюць пашпарты або прыходзяць з копіямі дакументаў. Трэба разумець, што павінен быць арыгінал дакумента, які засведчвае асобу, і ніякія копіі, нават завераныя натарыяльна, тут не падыходзяць. Акрамя таго, яшчэ хачу нагадаць, што не трэба спрабаваць праносіць у аўдыторыі забароненыя прадметы, паколькі такія абітурыенты могуць быць выдалены з пункта правядзення ЦТ за парушэнне. У мінулым годзе такіх выпадкаў было 14", - расказаў прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю.
Таксама намеснік старшыні камітэта паведаміў: ад КДК у кантролі за ўступнай кампаніяй будуць удзельнічаць 150 вопытных спецыялістаў. "Іх асноўная задача - гэта, вядома, арганізаваць работу на дастойным узроўні, каб уступныя іспыты прайшлі ў спакойнай і дзелавой атмасферы, а абітурыентам і іх бацькам не было аб чым хвалявацца", - дадаў Дзмітрый Баско.-0-
