Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 красавіка 2020, 14:44

У МУС Беларусі не бачаць міграцыйных рызык ад рэалізацыі пагаднення аб рэадмісіі з ЕС

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя пагаднення з ЕС аб рэадмісіі не нясе асаблівых міграцыйных рызык для Беларусі, заявіў сёння ў парламенце намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік міністра прадставіў сёння ў Палаце прадстаўнікоў пагадненне аб рэадмісіі. Беларусь і ЕС з уступленнем яго ў сілу павінны будуць ажыццяўляць прыём назад на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць або перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго.

Адказваючы на пытанні дэпутатаў, Аляксандр Барсукоў адзначыў, што не бачыць асаблівых рызык у сувязі з рэалізацыяй пагаднення. Беларусі, паводле яго слоў, трэба будзе дадаткова прымаць па 100 чалавек у год. "У асноўным гэта будуць грамадзяне РФ, краін Сярэдняй Азіі. З гэтым мы справімся. Праблем тут я ніякіх не бачу", - сказаў ён.

Намеснік міністра расказаў аб стварэнні інфраструктуры для ўтрымання замежных грамадзян. "Мы працуем сумесна з Дзяржпагранкамітэтам, адпаведнымі структурамі Еўрасаюза. Нам такая дапамога выдзелена. Толькі на стварэнне пунктаў, у якіх яны будуць знаходзіцца, прадастаўляецца амаль $2,8 млн. Адзін з іх будзе размешчаны ў Жодзіне, другі - у Полацку", - растлумачыў Аляксандр Барсукоў. Пункт у Жодзіне разлічаны на 115 чалавек, у Полацку - прыкладна на 40.

Беларусь ужо мае міжнародныя дагаворы аб рэадмісіі з Турцыяй, Казахстанам, Расіяй, Грузіяй і Украінай. Улічваючы геаграфічнае становішча краіны, рэалізацыя такіх пагадненняў служыць эфектыўным сродкам процідзеяння незаконнай міграцыі. "Мы штогод выдаём па 200 замежных грамадзян, а прымаем адзінкі", - адзначыў Аляксандр Барсукоў.

Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў ратыфікавала сёння пагадненне з ЕС аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі