Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 красавіка 2021, 12:04

У Беларусі разглядаюць магчымасць змякчыць цэнавае рэгуляванне

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі разглядаюць магчымасць змякчыць цэнавае рэгуляванне. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун перад пасяджэннем Міждзяржаўнага савета па антыманапольнай палітыцы СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Урад прыняў пастанову ад 23 лютага 2021 года нумар 100, якая прадугледжвае строгія меры рэгулявання цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці. З 1 сакавіка штомесячнае змяненне цэн на іх не павінна перавышаць 0,2 працэнта да цаны на гэтыя тавары, якая склалася на апошні дзень папярэдняга месяца. "Рост сусветных цэн на прадукты харчавання набліжаецца да 25 працэнтаў у гадавым выражэнні. У пачатку года мы прагназавалі менш істотны рост. З 2014 года такіх тэмпаў росту цэн не было. Да таго ж у час пандэміі ёсць пэўныя абмежаванні ў руху знешніх транспартных патокаў. Гэта вельмі моцна б'е па цэнавай сітуацыі не толькі ў нашай краіне. Таму мы былі вымушаны рэагаваць. Але для нас важна вырашыць яшчэ адну задачу - забяспечыць наяўнасць на паліцах сацыяльна значных тавараў, асабліва імпартуемых. Напрыклад, па алею мы прынялі рашэнне дазволіць рост цэн у межах 15 працэнтаў, каб не застацца без гэтага тавару. Цяпер у нас няма праблем з запасамі па гэтай пазіцыі", - падкрэсліў Андрэй Картун.

"Цяпер ва ўрадзе абмяркоўваецца магчымая адмена гэтай пастановы і пераход да больш ліберальных мер. Некалькі дзён таму адбылося пасяджэнне Камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў, там разглядалася гэта пытанне. Думаю, у бліжэйшы час мы агучым канкрэтную дату адмены гэтай пастановы. Будзем шукаць больш кампрамісныя механізмы", - расказаў намеснік міністра.

Андрэй Картун таксама адказаў на пытанне, ці ёсць рызыкі, што адмена пастановы прывядзе да пэўнага росту цэн. "Мы трымаем руку на пульсе. Паводле нашых ацэнак, істотнага росту не павінна быць. Мы будзем пільна глядзець за гандлем, каб не было злоўжыванняў. Будзем альбо працаваць у кропкавым рэжыме, альбо будзе пераходны этап: памяняем строгае рэгуляванне на больш ліберальнае, напрыклад, па гандлёвых надбаўках", - растлумачыў ён.

Намеснік міністра таксама расказаў аб узаемадзеянні антыманапольных органаў краін СНД у перыяд пандэміі. "Мы працуем у такіх умовах ужо больш за год. Асноўны акцэнт работы антыманапольных органаў зрушыўся ў бок цэнавага рэгулявання, недапушчэння неабгрунтаванага росту цэн, а таксама забеспячэння наяўнасці прадуктаў харчавання і іншых крытычна важных тавараў, асабліва імпартных, на паліцах. Пытанне ў тым, як стварыць баланс: з аднаго боку, падтрымаць бізнес, а з другога - забяспечыць абарону правоў спажыўцоў. Менавіта гэта мы будзем сёння абмяркоўваць. Вядома, на парадку дня і абарона канкурэнцыі, кантроль за выкананнем антыманапольнага заканадаўства. Узбекістан раскажа аб тым, як змагаецца са змовамі на таргах і тэндарах з дапамогай лічбавізацыі", - адзначыў ён.

Плануецца абмеркаваць таксама паводзіны на рынку суб'ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча альбо валодаюць выключнымі правамі. "Некаторыя сусветныя вытворцы злоўжываюць сваімі патэнтавымі правамі і альбо завышаюць цэны на рынку нашых краін у разы, альбо адмаўляюцца пастаўляць. Расія падзеліцца вопытам так званага прымусовага патэнта", - дадаў Андрэй Картун.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі