Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 студзеня 2020, 12:58

У Беларусі хочуць стварыць спецфонд для выплаты зарплаты работнікам прадпрыемстваў-банкрутаў

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе стварыць спецыяльны фонд для выплаты зарплаты работнікам прадпрыемстваў-банкрутаў. Аб гэтым расказаў сёння журналістам старшыня ФПБ Міхаіл Орда па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Міхаіла Орды, сярод іншых на сустрэчы ўздымалася пытанне аб выплаце заработнай платы на прадпрыемствах-банкрутах. Яшчэ ў 2017 годзе Федэрацыя прафсаюзаў прапанавала стварыць механізм кампенсацыі работнікам страчанага заработку. У 2019 годзе міністэрствы эканомікі і фінансаў распрацавалі канцэпцыю абавязковага страхавання ад нявыплаты зарплаты пры банкруцтве арганізацый. Яна прадугледжвае, што арганізацыі, якія тэарэтычна могуць падпасці пад працэдуру банкруцтва, будуць адлічваць у "Белдзяржстрах" 0,04 працэнта ад фонду аплаты працы. З гэтага фонду затым будуць праводзіцца выплаты ў лік страчанага заработку за тры месяцы.

"Гэта дасць магчымасць людзям забяспечваць сябе, мець пэўныя грошы і займацца пошукам работы. І, самае важнае, што гэтыя страхавыя ўзносы будуць пералічвацца ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН)", - адзначыў старшыня ФПБ. Паводле яго слоў, запазычанасць па заработнай плаце і ўзносах у ФСАН з боку прадпрыемстваў-банкрутаў сёння складае каля Br30 млн.

Міхаіл Орда таксама праінфармаваў Прэзідэнта аб пашырэнні практыкі прававой прафсаюзнай інспекцыі, мэта якой - абарона правоў працоўных. "За пяць гадоў 418 незаконна звольненых работнікаў вернуты на работу. Больш за Br20 млн, незаконна вылічаных, нявыплачаных, вярнулі людзям. Толькі ў мінулым годзе ў 120 выпадках мы адстойвалі ў судах інтарэсы членаў прафсаюза", - расказаў кіраўнік федэрацыі аб выніках работы інспекцыі.

У час сустрэчы было закранута пытанне стварэння пярвічных прафсаюзных арганізацый і ў першую чаргу на прыватных прадпрыемствах. "Патрабаванне кіраўніка дзяржавы нязменна: прафсаюз абавязкова павінен быць там, дзе ёсць працоўныя адносіны, для абароны законных правоў працоўных", - падкрэсліў Міхаіл Орда.

Ён таксама прадставіў кіраўніку дзяржавы свае прапановы па паляпшэнні работы Магілёўскага завода "Строммашына" і Брэсцкага электралямпавага завода, якія цяпер перажываюць не лепшыя часы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі