Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 лютага 2020, 15:52

У Беларусі абмяркоўваюць увядзенне масавай стэрылізацыі бадзяжных катоў

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў і зоаахоўных арганізацый абмеркавалі праблему аховы жывёл з фондам французскай кіназоркі Брыжыт Бардо. Мерапрыемства ў фармаце круглага стала прайшло ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў журналістам начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі міністэрства Андрэй Рамашка, у Беларусі вывучаюць міжнародны вопыт у сферы аховы жывёл і пераймаюць некаторыя ініцыятывы. "Тое, што ўваходзіць у кампетэнцыю ўрада, і тое, што мы як галіновае міністэрства можам прадугледзець, на сённяшні дзень ёсць. Нешта трэба мяняць, але тады нарматыўны прававы акт павінен прымацца на ўзроўні закона", - растлумачыў Андрэй Рамашка.

Што датычыцца масавай стэрылізацыі вулічных жывёл, то гэта пытанне разглядаецца пакуль у адносінах да кошак. Менавіта адлоў, вакцынацыя, стэрылізацыя і выпуск іх на ранейшае месца пражывання, сказаў ён.

У адносінах да сабак прыняць адпаведнае рашэнне значна складаней. Каменціруючы выпадкі адлову і забойства бадзяжных жывёл, Андрэй Рамашка падкрэсліў, што ні ў якім дакуменце не прапісана такое патрабаванне. "Забіваць іх не павінны. Нам вядома аб такіх фактах, і гэта ненармальна. Цяжка пракантраляваць, як гэта сёння арганізавана на месцах. Гэта такі чалавечы фактар", - дадаў начальнік упраўлення.

Паколькі абыходжанне з жывёламі знаходзіцца ў зоне адказнасці некалькіх ведамстваў, круглы стол сабраў таксама прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, МАРГ, Генеральнай пракуратуры, парламента, прадпрыемства "Фаўна горада" і зоаахоўных грамадскіх арганізацый.

Першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла выказаў надзею, што шырокі склад удзельнікаў дасць магчымасць абмеркаваць усе пытанні, якія закранаюць сферу абыходжання з жывёламі. "Мы гатовы выслухаць прапановы, заўвагі і пажаданні", - сказаў ён.

Сярод удзельнікаў круглага стала была і прадстаўніца міжнароднага Фонду дапамогі жывёлам Брыжыт Бардо - кіраўнік міжнародных праграм дапамогі бяздомным жывёлам Брыжыт Алуа. Яна перадала ў міністэрства копіі пісьма Брыжыт Бардо беларускаму Прэзідэнту і пісьма ў адказ кіраўніка дзяржавы. "У Прэзідэнта было пажаданне, каб сустрэча мела станоўчы вынік. У пісьме ён адзначыў, што сталасць усёй грамадзянскай супольнасці вызначаецца стаўленнем да жывёл. Мы лічым, што заканадаўчая база Беларусі павінна развівацца ў гэтым ключы", - заявіла яна.

Брыжыт Алуа наведвала Беларусь у чэрвені 2019 года. Яна падкрэсліла, што ў Беларусі рушылі наперад з вырашэннем праблемы па ахове жывёл, прадаўжаецца работа над змяненнямі ў пастанову, якая рэгулюе парадак утрымання свойскіх і адлову бяздомных жывёл.

Зоаахоўныя арганізацыі прапануюць адкрыць у Мінску цэнтр па масавай стэрылізацыі вулічных і свойскіх жывёл. "Забіваць жывёл - гэта не вырашэнне праблемы. Колькасць вулічных жывёл не скарачаецца. Адзіная рэч, якая можа дапамагчы, - гэта стэрылізацыя", - упэўнены ў міжнародным фондзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі