Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лістапада 2022, 18:26

Трэцюю кнігу народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны выдадуць у Беларусі

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выдадуць трэцюю кнігу народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Акцыя "Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх" была ініцыявана НАН Беларусі ў 2020 годзе. Дзякуючы ёй у людзей, якіх закранула вайна і ў якіх захаваліся матэрыялы, дакументы і фатаграфіі сваіх продкаў, якія змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, удзельнічалі ў партызанскім руху, падпольным супраціўленні, з'явілася магчымасць прысылаць успаміны ў Інстытут гісторыі. У цэнтры ваеннай гісторыі гэтыя матэрыялы сістэматызуюцца, аналізуюцца, апрацоўваюцца, рыхтуюцца да публікацыі. У краіне ўжо выдадзены дзве кнігі "Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх". Сабраны матэрыялы для трэцяй кнігі. Да канца года мы плануем завяршыць работу над рукапісам гэтага выдання. І ў першай палавіне 2023 года выдаць поўнакаляровую, добра ілюстраваную трэцюю кнігу і прэзентаваць яе да чарговай гадавіны Перамогі, да 9 Мая", - расказаў Вадзім Лакіза.

Ён дадаў, што ўся гэта інфармацыя сёння даступна на сайце Інстытута гісторыі НАН. "На сайце можна ўбачыць тыя артыкулы, якія апублікаваны ў першай і другой кнізе. Акрамя таго, мы вядзём работу па стварэнні спецыяльнага навукова-інфармацыйнага партала пад умоўнай назвай "Летапіс. Памяць беларускага народа". Работа вядзецца вучонымі Інстытута гісторыі сумесна з супрацоўнікамі аб'яднанага Інстытута праблем інфарматыкі. Сайт будзе агульнадаступным з магчымасцю пошуку. Гэты сайт дасць магчымасць размясціць усю інфармацыю, якая паступае ў Інстытут гісторыі", - рэзюмаваў кіраўнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі