Сцяг Субота, 28 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 снежня 2024, 11:59

Трагедыя болем адгукаецца ў сэрцах. Качанава і Сергяенка пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў у пасольстве Азербайджана

27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў пасольстве Азербайджана ў Беларусі пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў у сувязі з крушэннем самалёта авіякампаніі Azerbaijan Airlines, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Качанава ад імя Савета Рэспублікі і сябе асабіста выказала шчырыя спачуванні. "Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выказваем глыбокія спачуванні ў сувязі з авіякатастрофай самалёта "Азербайджанскіх авіяліній" у раёне горада Актау ў Казахстане. Мы шчыра суперажываем гору дружалюбнага азербайджанскага народа. Гэта трагедыя неймаверным болем адгукаецца ў сэрцах беларусаў. Выказваем спачуванне сем'ям, якія страцілі сваіх родных і блізкіх, і жадаем больш хуткага выздараўлення ўсім пацярпелым", - гаворыцца ў запісе, пакінутым у кнізе спачуванняў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка выказаў дружалюбнаму народу Азербайджана, родным і блізкім загінулых шчырыя спачуванні ў сувязі з цяжкай стратай. "Беларускія дэпутаты з глыбокім болем успрынялі паведамленне аб крушэнні пасажырскага самалёта авіякампаніі "Азербайджанскія авіялініі" ў раёне горада Актау ў Казахстане 25 снежня 2024 года, - адзначаецца ў запісе, пакінутым у кнізе спачуванняў. - Трагедыя, якая прывяла да шматлікіх чалавечых ахвяр, нікога не пакінула абыякавым. У гэты цяжкі час нашы народы разам перажываюць горыч незаменнай страты. Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста выказваю самыя шчырыя спачуванні ўсяму народу Азербайджана, родным і блізкім загінулых".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Магерам Аліеў у размове з журналістамі выказаў удзячнасць беларускаму народу за падтрымку. "Ніхто не чакаў такой трагедыі. Трэба разабрацца з гэтым пытаннем. Таму ў нас створана дзяржаўная камісія, у яе ўвайшлі амаль усе міністры, яе ўзначальвае прэм'ер-міністр. Спадзяюся, што яны разбяруцца. Таму што цяпер шмат пытанняў, у якіх трэба будзе аб'ектыўна разабрацца", - адзначыў пасол.

"Трагедыя, вядома, для ўсяго нашага народа. Усе перажываюць. Дзякуй беларускаму народу, што побач з намі", - дапоўніў пасол.

Як паведамлялася раней, 25 снежня самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які выконваў рэйс Баку - Грозны, пацярпеў крушэнне каля горада Актау ў Казахстане. У самалёце знаходзіліся 67 чалавек, уключаючы пяцярых членаў экіпажа. Загінулі 38 чалавек, выжылі 29.-0-
Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі