Сцяг Серада, 25 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 снежня 2018, 17:00

Парламенцкі сход запатрабаваў ад профільных міністраў выканання даручэння аб адмене роўмінгу паміж Беларуссю і РФ

22 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі запатрабаваў ад профільных міністраў дзвюх краін выканання даручэння аб адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Дыскусія па гэтым пытанні адбылася сёння ў Маскве на 55-й сесіі Парламенцкага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На "ўрадавую гадзіну" на сесію былі запрошаны міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган і міністр лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расіі Канстанцін Наскоў.

Першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу, спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што прэзідэнтамі Беларусі і Расіі была пастаўлена задача аб адмене роўмінгу пры карыстанні мабільнай сувяззю на тэрыторыі дзвюх краін. "Мы хочам пачуць не тлумачэнне, што там трафік дарагі, а што вы зробіце, каб выканаць даручэнне прэзідэнтаў", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка, звяртаючыся да профільных міністраў.

Старшыня Парламенцкага сходу, спікер Дзярждумы Расіі Вячаслаў Валодзін у сваю чаргу канстатаваў, што з моманту даручэння прэзідэнтаў прайшло паўтара года. "Калі няма магчымасці яго выканаць, трэба напісаць дакладную запіску і абгрунтаваць адмену або перанос даручэння. Але гэтага не зроблена. Таму пакуль даручэнне ёсць - яго ніхто не адмяняў, яго трэба выконваць", - заявіў Вячаслаў Валодзін.

Выступаючы перад парламентарыямі, міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган заўважыў, што адмена роўмінгу - пытанне даволі складанае. "Але ўлічваючы сацыяльную значнасць пытання, кіраўнікі ведамстваў не павінны ісці на повадзе ў сотавых аператараў", - сказаў ён.

У той жа час Канстанцін Шульган падкрэсліў, што адмена роўмінгу не азначае, што званкі будуць цалкам бясплатныя. На яго думку, неабходна перш за ўсё гарманізацыя цэн на паслугі сувязі ў дзвюх краінах. "Інакш з'явяцца перадумовы для ўзнікнення шэрага трафіка", - папярэдзіў ён.

Міністр лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Канстанцін Наскоў растлумачыў: асноўная праблема звязана з тым, што сотавыя аператары Расіі не маюць прамых стыкаў з сотавымі аператарамі Беларусі. Пры гэтым стаўкі на трафік у беларускіх аператараў - адны з самых высокіх у свеце.

Канстанцін Наскоў таксама паведаміў, што профільныя ведамствы дзвюх краін распрацавалі дарожную карту па гэтым пытанні, якую плануецца канчаткова ўзгадніць і падпісаць у студзені будучага года. Гэты план прадугледжвае, што ўжо ў лютым могуць быць устаноўлены ў Беларусі і Расіі сіметрычныя стаўкі на паслугі па пропуску трафіка. Такая мера, паводле слоў расійскага міністра, ужо ў маі будучага года павінна прывесці да зніжэння тарыфаў для канечных карыстальнікаў. "А да сярэдзіны года мы спадзяёмся прыйсці да адмены платы за ўваходныя вызавы ў гасцявога аператара", - сказаў ён.

Пасля бурнай дыскусіі парламентарыі вырашылі накіраваць у Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы даручэнне з тым, каб у першым квартале будучага года Парламенцкі сход быў інфармаваны аб выкананні даручэння прэзідэнтаў дзвюх краін. "Пытанне абмеркаванню не падлягае, яго трэба выконваць", - рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі