Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 сакавіка 2021, 17:18

Мінпрацы расказала аб праграмных дакументах па паляпшэнні эканамічных магчымасцей жанчын

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пашырэнне эканамічных магчымасцей, сацыяльныя прэферэнцыі - у бягучым годзе на праграмным узроўні будуць рэалізоўвацца меры для павышэння статусу жанчын у грамадстве, забеспячэння гендарнай роўнасці. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Жанчыны сёння складаюць больш за 55 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў і рэалізуюць сябе практычна ва ўсіх сферах дзейнасці. Сацыяльны і эканамічны статус жанчыны ўзрастае з году ў год", - адзначыў Валерый Кавалькоў.

У пацвярджэнне ён прывёў такія лічбы: каля 40 працэнтаў працуючых жанчын маюць вышэйшую адукацыю, амаль палова кіраўнікоў - жанчыны, сярод спецыялістаў - 73 працэнты.

"Дзяржава робіць нямала для павышэння статусу жанчын, паляпшэння ўмоў працы, павышэння эканамічнай актыўнасці, а таксама аховы іх здароўя. На гэты год запланаваны шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія будуць садзейнічаць гэтаму. У першую чаргу гэта нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці і дзве дзяржаўныя праграмы: "Рынак працы і садзейнічанне занятасці" і "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека". Гэтыя праграмныя дакументы прадугледжваюць пашырэнне эканамічных магчымасцей жанчын - садзейнічанне ім у развіцці прадпрымальніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці", - адзначыў Валерый Кавалькоў.

Ён удакладніў, што нацыянальны план дзеянняў зацвярджаецца на 5 гадоў і гэта ўжо шосты план. Адна з Мэт устойлівага развіцця - забеспячэнне гендарнай роўнасці. У адпаведнасці з гэтым і нацыянальны план будзе ўключаць у сябе пералік мерапрыемстваў па прадастаўленні жанчынам пэўных эканамічных, сацыяльных прэферэнцый.

Адна з дзейсных мер - прадастаўленне дзяржавай бязвыплатных субсідый. У мінулым годзе амаль 45 працэнтаў атрымаўшых субсідыі на адкрыццё сваёй справы былі жанчыны. "А за мінулыя пяць гадоў 3,7 тыс. жанчын атрымалі субсідыю і змаглі пачаць сваю справу, гэта значыць сталі эканамічна незалежнымі", - дадаў намеснік міністра. Бізнес-лэдзі выбіраюць самыя розныя сферы дзейнасці - аказанне цырульніцкіх паслуг, арганізацыя невялікіх кафэ і г.д. Перад гэтым будучыя прадпрымальніцы праходзяць неабходнае навучанне менеджменту, атрымліваюць дапамогу ў складанні бізнес-плана.

Банк развіцця Беларусі таксама падключаецца да падтрымкі жаночага бізнесу - у мінулым годзе прафінансаваны 73 такія праекты на суму Br9,5 млн.

Развіваюцца і механізмы рэінтэграцыі жанчын на рынку працы. У мінулым годзе на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку былі накіраваны 1,7 тыс. беспрацоўных жанчын. А за апошнія 5 гадоў звыш 14 тыс. жанчын прайшлі перападрыхтоўку і змаглі стаць больш запатрабаванымі на рынку працы. Каб жанчыны ў дэкрэтным водпуску не страчвалі навыкі, прывабнасць для наймальнікаў у прафесійным плане, прадастаўлена магчымасць і для іх павышаць сваю кваліфікацыю ў гэты перыяд. За пяць гадоў 343 жанчыны падчас знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі, пры гэтым яшчэ і атрымлівалі стыпендыю.

У мінулым годзе дыстанцыйная работа атрымала прававую аснову - гэта таксама адкрыла дадатковыя перспектывы для жанчын.

Намеснік міністра падкрэсліў, што апошнія 8 гадоў узровень беспрацоўя сярод жанчын застаецца стабільна нізкім. Але пры гэтым існуе актуальная праблема двайной занятасці жанчын: на рабоце і дома. Менавіта на яе вырашэнне і будуць накіраваны максімальныя намаганні - як заканадаўчыя, так і інфармацыйныя, прапагандысцкія.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі