Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2021, 13:43

Міністэрства аховы здароўя: тэмпы вакцынацыі супраць COVID-19 нарастаюць

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпы вакцынацыі супраць COVID-19 нарастаюць, заявіла журналістам першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэмпы вакцынацыі нарастаюць. Гэта вельмі радуе. У нас ёсць рэгіёны, якія набліжаюцца да 35 працэнтаў прышчэпленага насельніцтва. Мы лічым ад агульнага насельніцтва, не вычляняючы дзяцей. Ёсць паліклінікі ў Мінску і рэгіёнах, якія прышчапілі больш за 50 працэнтаў насельніцтва старэйшага ўзросту і насельніцтва, якое мае хранічныя захворванні. На сённяшні дзень самая галоўная наша задача - вакцынаванне", - сказала Алена Богдан.

Паколькі ва ўмовах вакцынацыі краіна жыве каля 9 месяцаў, стартуе рэвакцынацыя. "Учора міністр падпісаў загад аб змяненні падыходаў да рэвакцынацыі. Калі нашы першапачатковыя рэкамендацыі былі 9-12 месяцаў (ревакцынавацца праз 9-12 месяцаў пасля першаснай вакцынацыі. - Заўвага БЕЛТА), то на сёння з улікам развіцця эпідабстаноўкі, аналізу тых пацыентаў, якія вакцынаваны, гэта 6 месяцаў - год. Усё будзе залежаць ад агульнага стану здароўя, наяўнасці або адсутнасці хранічных захворванняў (гэта стабільныя кантынгенты ці не)", - адзначыла першы намеснік міністра.

"Сёння няма чалавека, які не абмяркоўваў бы пытанне вакцынацыі. Якія б меркаванні ні былі, спецыялісты разумеюць, што адзіная магчымасць спыніць гэту эпідэмію, спыніць цяжкія захворванні, напаўняльнасць ложкаў рэанімацыі і выкарыстанне высокатэхналагічных метадаў (ШВЛ, а ў асобных выпадках ЭКМА) для пацыентаў, якія хворыя на COVID-19, - гэта вакцынацыя", - заўважыла Алена Богдан.

Што датычыцца масачнага рэжыму, людзі не сталі менш насіць маскі. "Мы бачым, што людзі нас чуюць. Носяць маскі ў грамадскіх месцах: у транспарце, на масавых мерапрыемствах", - сказала яна, дадаўшы, што на вуліцы, дзе захоўваецца бяспечная адлегласць адзін ад аднаго, насіць маскі не трэба.

Больш таго, для падтрымкі вакцынацыі аб'ядналіся грамадскія арганізацыі. Праходзіць акцыя "COVID-патруль", удзельнікі якой пачалі з таго, што раздавалі маскі ў гандлёвых цэнтрах тым людзям, якія былі без іх. Цяпер моладзь раздае буклеты і флаеры з інфармацыяй.

Першы намеснік міністра заўважыла: важна максімальна правільна, карэктна і поўна данесці да насельніцтва інфармацыю аб тым, што сёння трэба зрабіць для абароны сябе і сваіх блізкіх. "Вакцынуйцеся, вакцынуйце сваіх блізкіх. Цяжарныя, тыя сямейныя пары, якія яшчэ мараць, плануюць нараджэнне дзяцей, таксама павінны абавязкова вакцынавацца", - рэзюмавала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі