Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 жніўня 2021, 13:28

Медустановы вядуць падрыхтоўку да магчымага асенняга эпідэмічнага ўздыму COVID-19

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Медустановы Беларусі вядуць падрыхтоўку на выпадак асенняга эпідэмічнага ўздыму COVID-19. Гэта вынікае з інфармацыі прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, размешчанай на яго сайце, паведамляе БЕЛТА.

"Нягледзячы на невялікі летні спад, пандэмія пакуль што нікуды не знікла, і мы, безумоўна, чакаем чарговы эпідэмічны рост у верасні-кастрычніку. Летам кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя мелі магчымасць крыху разгрузіць медработнікаў, а цяпер мы пачынаем рыхтавацца да восені", - цытуе прэс-служба міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча.

Паводле яго слоў, у Беларусі навучыліся жыць з COVID-19. Установы аховы здароўя забяспечаны медыкаментамі больш як на 6 месяцаў, сродкамі індывідуальнай аховы - больш як на 3 месяцы. З працуючых у краіне амаль 77 тыс. ложкаў у бальніцах на гэты час занята пад кавід-хворых 6 тыс. Калі на 1 студзеня 2020 года ў краіне працавалі 8,7 тыс. кіслародных кропак, то цяпер - 20,7 тыс. Больш як за год медыцынскім работнікам, якія працавалі з пацыентамі з COVID-19, выплачана звыш Br1,2 млн.

Пры падрыхтоўцы да эпідсезона Дзмітрый Піневіч наведаў, у прыватнасці, Мінскую цэнтральную раённую клінічную бальніцу, перапрафіляваную ў інфекцыйны шпіталь 3 красавіка 2020 года. У залежнасці ад інтэнсіўнасці захворвання колькасць ложкаў тут вар'іравалася ад 262 да 342. За гэты час медыкі паднялі на ногі звыш 6 тыс. чалавек. Больш за 250 з іх той ці іншы прамежак часу знаходзіліся на ШВЛ. У залежнасці ад эпідэмічнай сітуацыі тут праходзілі лячэнне пацыенты практычна з усіх раёнаў вобласці і Мінска. На базе хірургічнага аддзялення адкрыты міжраённы хірургічны цэнтр для аказання спецыялізаванай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй.

Як расказаў галоўны ўрач бальніцы Гарык Барсамян, ва ўрачоў бальніцы набыты сур'ёзны вопыт работы з кавіднымі пацыентамі ў рэанімацыі. Першая пацыентка, якую ўдалося выратаваць пры дапамозе ШВЛ у 2020 годзе, знаходзілася на апараце 27 дзён. Даўжэй за ўсё ў рэанімацыі знаходзіўся 67-гадовы пацыент, які лячыўся ў бальніцы 3 месяцы, з іх амаль 1,5 месяца правёў на ШВЛ. Яшчэ адзін унікальны для бальніцы выпадак адбыўся з пацыентам, які двойчы быў на ШВЛ: спачатку мужчына знаходзіўся на апараце 13 дзён, а праз некаторы час - яшчэ месяц.

Сустракаючыся з работнікамі ўстаноў аховы здароўя Мінскага раёна, міністр абмяркоўваў пытанні рабочых графікаў урачоў і медсясцёр, закраналіся тэмы вакцынацыі і развіцця пандэміі. У рэанімацыйным аддзяленні міністру дакладвалі аб цячэнні хваробы ў кожнага пацыента, а таксама аб выбраным лячэнні. Са спецыялістамі таксама абмяркоўваліся пытанні выкарыстання глюкакартыкастэроідаў у хворых з вострай дыхальнай недастатковасцю і такога высокатэхналагічнага метаду, як экстракарпаральная аксігенацыя, для найбольш цяжкіх пацыентаў і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі