Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 снежня 2017, 17:08

Мадэль "Універсітэт 3.0" дасць магчымасць прыцягнуць моладзь у навуку - Карпенка

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Укараненне ў практыку мадэлі "Універсітэт 3.0" прывядзе да станаўлення новай фармацыі ўніверсітэта, захавае моладзь ва ўніверсітэцкай навуцы. Такое меркаванне сёння выказаў міністр адукацыі ў час адкрыцця секцыі "Моладзь і новыя гарызонты навукі" на II З'ездзе вучоных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Укараненне ў практыку мадэлі "Універсітэт 3.0" прывядзе да станаўлення новай фармацыі ўніверсітэта, захавае моладзь ва ўніверсітэцкай навуцы, павысіць канкурэнтаздольнасць вышэйшай адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы. Акрамя таго, яно дасць магчымасць рэгіянальным установам вышэйшай адукацыі паўнацэнна ўключыцца ў гэты працэс", - сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, рэалізацыя пілотнага праекта па практычнай апрабацыі ўніверсітэта новай фармацыі "Універсітэт 3.0", які прадугледжвае стварэнне ўнутры ўніверсітэтаў інтэграванага адукацыйнага, навуковага і прадпрымальніцкага асяроддзя для камерцыялізацыі навуковых распрацовак, накіраваны на выкананне задач па павышэнні якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў. "Сёння ўжо склаліся ўмовы для таго, каб універсітэты перайшлі да гэтай мадэлі. На заканадаўчым узроўні мы прапануем павялічыць варыятыўную частку навучальнага плана, што зробіць ВНУ больш мабільнымі ў выбары зместу і структуры падрыхтоўкі спецыялістаў. У развітых краінах свету фарміруецца мадэль "Універсітэт 4.0", што дае магчымасць вырашаць вельмі складаныя задачы, якія ў шэрагу выпадкаў не пад сілу ні карпаратыўнай, ні акадэмічнай навуцы, але яна дасягальная толькі пасля паспяховай рэалізацыі мадэлі "Універсітэта 3.0" на аснове канцэнтрацыі ва ўніверсітэтах унікальнага абсталявання, высокакваліфікаваных кадраў і, самае галоўнае, творчасці маладых", - адзначыў міністр.

Секцыя "Моладзь і новыя гарызонты навукі" II З'езда вучоных Беларусі праходзіць сёння на базе Ліцэя БДУ. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар БДУ Андрэй Кароль. У рабоце навуковага форуму ўдзельнічаюць каля 300 маладых вучоных беларускіх ВНУ, галіновай навукі і органаў дзяржкіравання. Дэлегаты абмяркоўваюць пытанні, што датычацца асноўных напрамкаў развіцця навуковай сферы, інтэграцыі айчыннай навукі ў сусветную супольнасць, а таксама сувязі і ўзаемадзеяння навуковай дзейнасці маладых вучоных з рэальным сектарам эканомікі. Таксама на разгляд вынесены тэмы ўдасканалення дзейнасці навуковага кіраўніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі