30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства інфармацыі нацэлена на стварэнне ўмоў для хутчэйшага станаўлення маладых журналістаў і фарміраванне кадравага рэзерву. Аб гэтым расказаў журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч у час круглага стала "Моладзь і медыя: перспектывы маладых журналістаў у сучаснай медыяпрасторы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, такія мерапрыемствы, як рэспубліканскі конкурс маладых журналістаў "Прэс-код", дапамагаюць вырашаць гэтыя задачы. "Мы бачым, што конкурс спадабаўся маладым людзям. Пры гэтым удзельнікамі становяцца не толькі маладыя журналісты, але і людзі з самых розных сфер, якім цікава ствараць свой кантэнт. Мяркуючы па вялікай колькасці заявак на папярэдніх конкурсах, мы разумеем, што трапілі ў самую кропку. Прыемна, што пераможцы і прызёры конкурсу ўжо сёння на карандашы ў кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ. Многія з іх прыняты на работу ў рэспубліканскія медыя, а некаторыя робяць даволі паспяховую кар'еру на ўзроўні рэгіянальных СМІ", - адзначыў першы намеснік міністра.
"Работа з моладдзю - важнейшы складнік дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Міністэрства інфармацыі нацэлена на стварэнне ўмоў для хутчэйшага станаўлення маладых журналістаў і фарміраванне пэўнага кадравага рэзерву", - сказаў Андрэй Кунцэвіч. Ён дадаў, што сёння, калі сацыяльныя сеткі з'яўляюцца адной з асноўных крыніц інфармацыі, вельмі важна не страціць сувязь з моладдзю. "Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, кожны дзень інтэрнэтам у Беларусі карыстаецца 88,4 працэнта жыхароў. Пры гэтым для катэгорыі "навучэнцы і студэнты" гэта лічба складае 99 працэнтаў. Мы разумеем, што сусветная павуціна захоўвае ў сабе як канструктыў, так і вялікую колькасць дэструктыву. Каб захаваць пераемнасць пакаленняў, трэба максімальна задзейнічаць інфармацыйны рэсурс, накіраваны на кансалідацыю грамадства, захаванне гісторыі і духоўна-маральнага выхавання маладога пакалення. У гэтым напрамку рэдакцыі дзяржаўных СМІ робяць нямала. Ствараюцца і развіваюцца розныя цікавыя для моладзі праграмы і інфармацыйныя праекты, галоўная мэта якіх - працаваць на стварэнне, генерыраваць інфармацыйныя патокі канструктыўнага характару", - падкрэсліў Андрэй Кунцэвіч.
"Конкурс "Прэс-код" прымае не толькі журналісцкія тэксты. Мы шукаем таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія маюць здольнасці да фотажурналістыкі, выяўленчага мастацтва і аператарскай работы. Гэта таксама вельмі важны напрамак, і якраз дэфіцыт супрацоўнікаў па гэтых напрамках сёння ў нашых СМІ. Дзякуючы конкурсу "Прэс-код" гэты дэфіцыт мы спрабуем ліквідаваць", - дадаў Андрэй Кунцэвіч.
Прыём заявак на ўдзел у конкурсе "Прэс-код" стартаваў сёння. Конкурс праводзіцца Міністэрствам інфармацыі штогод пры падтрымцы БРСМ. "У гэтым годзе ўмовы конкурсу не змяніліся. Ён будзе складацца з двух этапаў - адборачнага і заключнага, - у якіх аўтарам неабходна прэзентаваць журы свае работы. Прадставіць свае аўтарскія матэрыялы можна будзе ў дзвюх групах: ад 16 да 21 года і ад 22 да 31 года ў намінацыях "Лепшыя аўтарскія матэрыялы" (рэпартаж, спецыяльны праект патрыятычнай тэматыкі), "Лепшая карыкатура па найбольш вострай сацыяльнай тэматыцы", "Лепшы фотарэпартаж", "Лепшы відэасюжэт аб памятных мясцінах Беларусі, вядомых людзях, знамянальнай падзеі", "Лепшы відэаблог", "Лепшая аператарская работа", "Лепшы праект у новых медыя". Імёны пераможцаў традыцыйна будуць названы ў час Форуму маладых журналістаў у канцы гэтага года", - растлумачыў першы намеснік міністра.
Паводле яго слоў, цяпер запатрабавана і класічная журналісцкая адукацыя. "Па тым конкурсе, які ёсць на факультэце журналістыкі, мы бачым, што інтарэс да журналісцкай прафесіі ў моладзі захоўваецца. Больш таго, факультэт журналістыкі БДУ павялічыў набор бюджэтных месцаў, і я ўпэўнены, што па выніках уступнай кампаніі мы зробім добры набор будучых журналісцкіх кадраў", - рэзюмаваў Андрэй Кунцэвіч.-0-
Фота Надзеі Касцецкай