Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 сакавіка 2021, 18:02

Краіны СНД праводзяць даследаванні папуляцыйнага імунітэту да COVID-19

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў пачаліся даследаванні папуляцыйнага імунітэту да COVID-19. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.

"Першымі ацэньваць папуляцыйны імунітэт да віруса SARS-CoV-2 у насельніцтва сталі ў Расіі. На гэты момант падыходзіць да завяршэння трэці этап даследавання. Паводле існуючых даных, дыяпазон серапрэвалентнасці складае 21-74 працэнты, у 6 рэгіёнах узровень перавышае 60 працэнтаў. Такія даследаванні пачаліся таксама ў Беларусі, Казахстане і Кыргызстане. На пазачарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета па праблемах санітарнай аховы тэрыторый дзяржаў Садружнасці ад завозу і распаўсюджвання асабліва небяспечных інфекцыйных хвароб, якое прайшло 24 лютага, адзначана неабходнасць прадаўжэння правядзення ў краінах СНД даследаванняў папуляцыйнага імунітэту да COVID-19", - расказалі ў прэс-службе.

На думку членаў савета, гэтыя даныя дапамогуць пры выяўленні асаблівасцей эпідэмічнага працэсу, распрацоўцы прагнозу развіцця эпідсітуацыі ў асобна ўзятай дзяржаве і на прасторы Садружнасці ў цэлым, а таксама пры планаванні мерапрыемстваў па спецыфічнай і неспецыфічнай прафілактыцы каранавіруса.

Эксперты адзначылі, што інтэнсіўнасць эпідэмічнага працэсу COVID-19 зніжаецца як у свеце ў цэлым, так і на прасторы СНД, што дае магчымасць ажыццяўляць паэтапнае зняцце абмежавальных мер. Цяпер у дзяржавах Садружнасці рэгіструецца нізкі ўзровень захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып. Не зарэгістравана выпадкаў адначасовых сімптомаў у пацыентаў грыпу і новай каранавіруснай інфекцыі.

У ходзе пасяджэння пільная ўвага была ўдзелена пытанням распрацоўкі вакцын супраць COVID-19 і падыходам да правядзення вакцынацыі насельніцтва. Расійскі бок прадставіў інфармацыю аб распрацоўцы і выкарыстанні вакцын "Гам-Кавід-Вак" (гандлёвая марка "Спадарожнік V") і "Эпіваккарона", рэгістрацыі вакцыны "КавіВак".

З 18 студзеня ў Расіі стартавала масавая вакцынацыя насельніцтва ад COVID-19. Расійская вакцына "Спадарожнік V" на гэты час прымяняецца ў Беларусі, Арменіі і Казахстане, плануецца выкарыстанне ў Кыргызстане і Узбекістане. У Казахстане распрацавана ўласная вакцына, якая праходзіць трэці этап клінічных выпрабаванняў. На думку спецыялістаў, пачатак масавай вакцынацыі ад COVID-19 у шэрагу краін даў магчымасць перайсці на якасна новы этап барацьбы з інфекцыяй на прасторы Садружнасці.

Члены каардынацыйнага савета лічаць неабходным прадаўжаць аператыўны абмен інфармацыяй аб сітуацыі па COVID-19 у дзяржавах СНД, уключаючы абмен новымі навуковымі данымі па эпідэміялогіі, лабараторнай дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы COVID-19, а таксама маніторынг цыркуляцыі генетычна змененых штамаў новага каранавіруса.

Наступнае пасяджэнне каардынацыйнага савета вырашана правесці ў красавіку ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі