Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 красавіка 2021, 15:00

Кантроль за цэнамі дае магчымасць не дапусціць іх неабгрунтаванага завышэння - Петрашова

21 красавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Кантроль за цэнамі ў магазінах і аптэках дае магчымасць не дапусціць іх неабгрунтаванага завышэння. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова ў час штотыднёвага маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары ў аптэках і магазінах Магілёва.

"Кантроль за цэнамі ў магазінах і аптэках дае магчымасць не дапускаць іх неабгрунтаванага завышэння. Таму дэпутацкі корпус сумесна з прафсаюзамі праводзіць маніторынг па наяўнасці і кошце тавараў, якія карыстаюцца ў насельніцтва вялікім попытам. Асаблівую ўвагу звяртаем на сацыяльна значныя тавары - агародніну, крупы, мяса і малочныя вырабы, - расказала Вольга Петрашова. - Сёння мы сабралі свой спажывецкі кошык: я набыла алей, муку, мясныя і малочныя прадукты. У цэлым па ўсіх пазіцыях у пакупнікоў вялікі выбар - як у цэнавым пытанні, так і па вытворцах. Аднак неабходна аператыўна прымаць рашэнне па пытанні ўзаемадзеяння вытворцаў і прадстаўнікоў рознічных сетак, каб рэгуляваць цэны на карысць пакупніка".

Паводле слоў дэпутата, галоўная мэта такіх маніторынгаў - не дапусціць рэзкага росту цэн. "З сакавіка бягучага года рост цэн на тавары першай неабходнасці абмежаваны. І ў час выездаў мы бачым, што гандлёвыя сеткі ў цэлым вытрымліваюць гэту меру. Неабходна разумець, што рост цэн на прадукты - агульнасусветная тэндэнцыя. Вельмі важна, што ў нашай краіне, нягледзячы на ўсе няпростыя знешнія і ўнутраныя фактары, цэны рэгулююцца і дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу гэтаму пытанню. Наша задача - забяспечыць людзям якасныя ўмовы жыцця, вялікі выбар прадуктаў па даступных цэнах", - дадала дэпутат.

Акрамя прадуктовых магазінаў, Вольга Петрашова наведала аптэкі, дзе азнаёмілася з цэнамі і асартыментам. "Парадавала гібкая сістэма скідак па многіх прэпаратах. Вялікі асартымент - у продажы прадстаўлены медыкаменты як беларускай, так і імпартнай вытворчасці, - падкрэсліла яна. - Цяпер ідзе ўздым сезонных прастудных захворванняў. У аптэках горада мы ўбачылі, што неабходныя для лячэння лякарствы прадстаўлены шырока і па прымальных цэнах, а ў некаторых на іх нават прадугледжаны скідкі".

Маніторынг за цэнамі на сацыяльна значныя тавары ўжо некалькі гадоў праводзяць і прафсаюзы. Паводле слоў старшыні Магілёўскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў Міхаіла Кулагіна, ад цэн залежыць і ўзровень жыцця людзей. "Пры выяўленні выпадкаў неабгрунтаванага росту кошту асобных прадуктаў прафсаюзы інфармуюць аб гэтым Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і іншыя зацікаўленыя органы", - адзначыў Міхаіл Кулагін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі