Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лютага 2023, 15:46

Кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў па ўзаемадзеянні ў рамках СНД у 2023 годзе прайшлі ў Мінску

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў на тэму "Аб узаемадзеянні ў рамках СНД у 2023 годзе" адбыліся 7-8 лютага ў штаб-кватэры Садружнасці ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.

У кансультацыях удзельнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Выканаўчага камітэта СНД.

Гаворачы аб задачах далейшага развіцця супрацоўніцтва ў Садружнасці, удзельнікі кансультацый намецілі перспектывы пашырэння знешнепалітычнага, эканамічнага, культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сферах бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам. Дыпламаты адзначылі эфектыўнасць старшынства Казахстана ў СНД у 2022 годзе і выказалі падтрымку намаганням старшынства Кыргызстана ў 2023 годзе.

Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў пацвердзілі нацэленасць сваіх краін на паслядоўнае развіццё супрацоўніцтва ў фармаце СНД, узмацненне каардынацыі пазіцый і пашырэнне практыкі падтрымкі ініцыятыў дзяржаў СНД на міжнароднай арэне, падрыхтоўку сумесных заяў па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Таджыкістан выказаў удзячнасць дзяржавам СНД за падтрымку ініцыятывы Прэзідэнта аб аб'яўленні 2025 года Міжнародным годам захавання ледавікоў, замацаванай адпаведнай рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН.

Удзельнікі кансультацый прапанавалі Выканкаму СНД прадоўжыць работу па пашырэнні ўзаемадзеяння з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, а таксама выступілі за актывізацыю работы па заснаванні статусаў партнёра і наглядальніка ў СНД. Была адзначана важнасць паглыблення ўзаемадзеяння СНД з ЕАЭС, АДКБ, ШАС. Прадстаўнікі краін СНД канстатавалі, што эканамічнае ўзаемадзеянне з'яўляецца ключавым фактарам далейшага паглыблення інтэграцыі і ўстойлівага развіцця дзяржаў, выказаліся за хутчэйшы выхад на падпісанне Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі.

Удзельнікі кансультацый таксама адзначылі важнасць запуску экспертнай работы над праектамі ўстаноўчых дакументаў ствараемай пад эгідай СНД міжнароднай арганізацыі па падтрымцы і пашырэнні рускай мовы. У сувязі з гэтым прадстаўнікі Казахстана праінфармавалі аб падрыхтоўцы адпаведных прапаноў.

Акрамя таго, на сустрэчы былі разгледжаны вынікі рэалізацыі ў 2022 годзе плана шматузроўневых кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў і праграмы дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі