Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 снежня 2022, 16:03

Кадлубай: ад прафілізацыі сістэма школьнай адукацыі толькі выйграла

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад прафілізацыі сістэма школьнай адукацыі толькі выйграла. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Намеснік міністра падкрэсліў, што ўсе апошнія гады вырашалася задача ўдасканалення беларускай сярэдняй адукацыі, каб стварыць роўны доступ да якаснай адукацыі незалежна ад раёна і мясцовасці пражывання школьніка. "Для гэтага нараўне з сістэмай гімназій у буйных гарадах, якая была захавана, былі створаны так званыя дапрофільныя і профільныя класы, якія фарміраваліся ў звычайных школах па заяве бацькоў. Гэта дазволіла ўжо на ўзроўні 8-9 класа прыкладна вызначаць кола спецыяльнасцей, на якія будзе прэтэндаваць школьнік. Акрамя таго, была пашырана сістэма прафарыентацыі. З аднаго боку, прынятыя меры павінны паўплываць на свядомы выбар спецыяльнасці (напрыклад, гуманітарнага, хіміка-біялагічнага, фізіка-матэматычнага профілю) пры паступленні ў каледж ці ВНУ. З іншага боку, гэта дазваляе ў рамках школы праводзіць паглыбленую падрыхтоўку па профільных прадметах, тым самым бацькам няма неабходнасці адпраўляць дзіця на дадатковыя заняткі або да рэпетытараў", - адзначыў Аляксандр Кадлубай.

Паводле яго слоў, гэта ўсё дазволіла павысіць і матывацыю, і ўзровень падрыхтоўкі вучняў па вучэбных прадметах. "Пры гэтым сектар прыватных адукацыйных паслуг становіцца малазапатрабаваным усімі сацыяльнымі групамі школьнікаў, незалежна ад даходаў бацькоў, і дзіця можа прэтэндаваць на шырокае кола спецыяльнасцей у каледжы і ВНУ. Практычна знікла сітуацыя, калі рэпетытараў наймалі фактычна з малодшых класаў, каб дабіцца высокага бала ў атэстаце. Такім чынам, сістэма школьнай адукацыі толькі выйграла ад прафілізацыі", - канстатаваў намеснік міністра адукацыі.

Аляксандр Кадлубай прывёў у якасці прыкладу вынікі нядаўняй Беларускай фізічнай алімпіяды школьнікаў, якая праходзіла ў Мінску. "Алімпіяда паказала высокі ўзровень ведаў нашых вучняў. Рэзультатыўнасць выступлення беларускай каманды склала 100 працэнтаў. Дзесяць удзельнікаў нашай каманды атрымалі 10 медалёў: тры залатыя, пяць сярэбраных і два бронзавыя. У алімпіядзе прынялі ўдзел 10 каманд з 9 краін. Амаль 100 вучняў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Сірыі, Таджыкістана, Турцыі і Узбекістана", - сказаў ён на заканчэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі