Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 ліпеня 2020, 17:06

Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага парламента

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася сёння з членамі Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі. Спікер абмеркавала з маладымі людзьмі бягучую сітуацыю ў краіне, адказала на іх пытанні, паведамляе БЕЛТА.

У Маладзёжны парламент уваходзяць 70 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў да 31 года, якія прадстаўляюць усе вобласці і Мінск. Сёння яны выбралі кіраўніцтва савета, старшынь камісій - па аналогіі з палатамі Нацыянальнага сходу. У час сустрэчы Наталля Качанава пажадала маладым людзям поспехаў і паабяцала ўсялякую падтрымку з боку парламентарыяў. "Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб, набіраючыся вопыту, вы маглі максімальна адчуваць задавальненне ад гэтай работы", - сказала яна, звяртаючыся да маладых калег.

Спікер нагадала, што моладзь - адзін з прыярытэтаў беларускай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. "Усё, што датычыцца будучага краіны, звязана з моладдзю", - падкрэсліла яна. У склад савета ўвайшлі людзі, якія, нягледзячы на свой узрост, паспелі дабіцца значных поспехаў у прафесіі, вучобе. Больш таго, яны хочуць быць карыснымі грамадству, маюць сур'ёзную грамадзянскую пазіцыю, дзякуючы чаму іх заўважылі і выбралі ў Маладзёжны парламент. "Для іх гэта будзе добрая школа, а для нас - зваротная сувязь у рабоце з моладдзю", - адзначыла Наталля Качанава, адказваючы пасля сустрэчы на пытанні журналістаў.

Нацыянальны сход мае намер актыўна працаваць з Маладзёжным саветам. "Для нас вельмі важна такая сувязная ніць паміж парламентарыямі і моладдзю: чым яна жыве, што яе цікавіць, што хвалюе. Мы ж, прымаючы свае рашэнні, будзем дакладна разумець, што трэба рабіць, працуючы з моладдзю", - упэўнена старшыня Савета Рэспублікі.

Фармат сумеснай работы будзе розны. Так, маладых людзей запросяць на сесію ў парламенце. "Будзем абавязкова прыцягваць нашых калег з Маладзёжнага савета на выязныя пасяджэнні пастаянных камісій у рэгіёнах", - дадала Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што ўдзячна маладым людзям за актыўную дыскусію і разнапланавыя пытанні. Члены Маладзёжнага парламента добра валодаюць сітуацыяй у краіне, яны неабыякавыя да таго, што адбываецца. Так, парламентарыі цікавіліся меркаваннем Наталлі Качанавай аб інфармацыйнай прасторы Беларусі, пыталіся, якія якасці важны для маладога палітыка. Агучваліся таксама ідэі і прапановы. Напрыклад, аб тым, каб студэнты маглі праходзіць практыку не толькі ў гарадах. Удзельнікі сустрэчы выказалі меркаванне, што гэта дапамагло б будучым маладым спецыялістам асвоіцца ў сельскай мясцовасці, і яны больш ахвотна ехалі б у рэгіёны па размеркаванні. Спікер гэту ідэю адобрыла і сказала, што абмяркуе перспектывы яе рэалізацыі з міністрам адукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі