Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2021, 17:24

Гігін: УНС - гэта мадэль адкрытай размовы, якую важна захаваць і развіваць

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінскай вобласці на дыялогавых пляцоўках абмяркоўваюцца не столькі палітычныя і канстытуцыйныя пытанні, колькі адносіны бізнесу і дзяржаўных структур, эканоміка і развіццё рэгіёнаў. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін на абласной дыялогавай пляцоўцы па абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў, якая прайшла сёння ў Чэрвені, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінаблвыканкама.

"Актыўнасць людзей у дыскусіях, якія ўзнікаюць у час дыялогавых пляцовак, даволі вялікая, таму важна, што новы праект сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў значнай ступені ўлічвае прапановы, якія раней прагучалі ад грамадзян, - расказаў Вадзім Гігін. - На ўсіх дыялогавых пляцоўках прасочваецца рэгіянальная спецыфіка. У Мінскай вобласці не столькі абмяркоўваюцца палітычныя і канстытуцыйныя пытанні, колькі адносіны бізнесу і дзяржаўных структур, развіццё сферы эканомікі і важны момант збалансаванага развіцця рэгіёнаў, таму што агульная тэндэнцыя ідзе да ўрбанізацыі, змяншэння колькасці занятых у аграрным сектары - усё гэта патрабуе вырашэння".

"Дыялог адкрыты для ўсіх. Ніхто нікога не абмяжоўвае. Гэта сведчыць аб тым, што наша палітычная сістэма развіваецца. Думаю, што і пасля Усебеларускага народнага сходу гэту мадэль размовы паміж дзяржаўнымі структурамі, палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі і грамадзянамі трэба захаваць. Бо УНС - гэта не толькі форум, а таксама грамадская актыўнасць, якая цяпер высокая. Яе трэба развіваць і захоўваць тую свабодную атмасферу абмеркавання, у час якой міністры, губернатары свабодна размаўляюць з грамадзянамі краіны, даведваюцца, што іх хвалюе, і стараюцца вырашыць існуючыя праблемы".

На дыялогавай пляцоўцы ў Чэрвені сёння разглядалі актуальныя пытанні развіцця сацыяльнай сферы ў краіне ў бліжэйшыя некалькі гадоў. "Падтрымцы шматдзетных сем'яў, развіццю медыцыны і адукацыі, праблемам будаўніцтва жылля ў рэгіёне ў час абмеркавання ўдзялілі больш за ўсё ўвагі. Усё, што пачулі, будзем прапрацоўваць і выносіць на разгляд", - адзначыў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў.

Найбольш актуальныя пытанні, якія сёння прапрацавалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, будуць разгледжаны на VI Усебеларускім народным сходзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі