Сцяг Панядзелак, 6 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 мая 2021, 12:47

Дэпутат: змяненні працоўнага заканадаўства накіраваны на стварэнне збалансаванай сістэмы працоўных адносін

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўнае ва ўдасканаленні працоўнага заканадаўства - стварэнне ўстойлівай і збалансаванай сістэмы працоўных адносін. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч, каменціруючы падпісаны Прэзідэнтам закон "Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін".

"Дакумент накіраваны на забеспячэнне стабільнай і эфектыўнай работы прадпрыемстваў, захаванне ўстойлівай і збалансаванай сістэмы працоўных адносін, у якой улічваюцца інтарэсы наймальнікаў, работнікаў і дзяржавы. Перадумовай удасканалення заканадаўства ў галіне працоўнага права сталі нематываваныя адмовы асобных работнікаў ад работы, незаконныя масавыя мерапрыемствы, у тым ліку ствараючыя перашкоды іншым работнікам у выкананні імі працоўных абавязкаў, - адзначыла Людміла Канановіч. - Пры падрыхтоўцы гэтага законапраекта ўлічваліся інтарэсы як наймальнікаў, так і работнікаў, і дзяржавы ў цэлым. Прапрацоўваліся прапановы не толькі ад зацікаўленых дзяржаўных органаў, але і ад канкрэтных прадпрыемстваў і нашых выбаршчыкаў. Галоўнае ва ўдасканаленні працоўнага заканадаўства - стварэнне ўстойлівай і збалансаванай сістэмы працоўных адносін".

Паводле слоў парламентарыя, новыя нормы Працоўнага кодэкса прадаставяць наймальнікам дадатковыя паўнамоцтвы па дысцыплінарным уздзеянні на работнікаў, якія не выконваюць належным чынам свае працоўныя абавязкі.

"Так, у Працоўным кодэксе замацаваны новыя падставы для звальнення па ініцыятыве наймальніка: прымушэнне іншых работнікаў да ўдзелу ў забастоўцы, стварэнне ім перашкод для выканання працоўных абавязкаў, а таксама заклік да спынення выканання працоўных абавязкаў без уважлівых прычын, удзел у незаконнай забастоўцы, а таксама іншыя формы адмовы ад выканання сваіх працоўных абавязкаў без уважлівых прычын. Таксама ўстаноўлена дысцыплінарная адказнасць работніка за супрацьпраўныя дзеянні з персанальнымі данымі. Пашыраны паўнамоцтвы наймальніка для адхілення работніка ад работы. У прыватнасці, наймальнікі змогуць адхіляць работніка ад работы ў выпадках, калі ён заклікае да спынення работы іншых работнікаў без уважлівых прычын", - растлумачыла старшыня камісіі.

Акрамя таго, устаноўлена забарона на правядзенне забастовак на прадпрыемствах, маючых небяспечныя вытворчыя аб'екты. Адпаведная норма ўнесена ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб прамысловай бяспецы".

"Такія меры накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне нармальнага функцыянавання суб'ектаў гаспадарання і іншых арганізацый, нацыянальнай бяспекі і абарону грамадскага парадку ў краіне. Упэўнена, прадстаўленыя змяненні заканадаўчых актаў дадуць магчымасць зрабіць чарговы крок у напрамку ўдасканалення заканадаўства аб працы, забеспячэння балансу правоў і абавязкаў работнікаў і наймальнікаў", - рэзюмавала Людміла Канановіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі