Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лістапада 2018, 16:31

ДАІ рэкамендуе вадзіцелям загадзя паклапаціцца аб змене рызіны

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ДАІ рэкамендуе вадзіцелям падрыхтаваць аўтамабілі да зімовай эксплуатацыі і загадзя паклапаціцца аб змене рызіны. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык.

У бліжэйшыя дні прагназуюцца дажджы і мокры снег, а начное паніжэнне тэмпературы паветра да мінусавых значэнняў можа прывесці да ўтварэння галалёдзіцы. "Падраздзяленнямі ДАІ арганізаваны маніторынг дарожнай абстаноўкі. Пры неабходнасці інспектары ДПС будуць садзейнічаць дарожным і камунальным службам у аператыўнай ліквідацыі наступстваў непагоды, - адзначыла Ганна Банадык. - ДАІ рэкамендуе загадзя паклапаціцца аб падрыхтоўцы аўтамабіля да эксплуатацыі ў зімовы перыяд. Пачаць трэба з шын, бо ад якасці і надзейнасці пакрышак залежыць бяспека руху. Ва ўмовах галалёдзіцы і снежнага накату зімовыя шыны дапамагаюць скараціць тармазны шлях і значна паляпшаюць кіраванне аўтамабілем. А летняя рызіна пры нізкіх тэмпературах "дубянее" і перастае выконваць свае функцыі па забеспячэнні добрага счаплення з дарогай".

Змяніць рызіну лепш цяпер - гэта можа дапамагчы пазбегнуць вялікіх чэргаў на шынамантажах. З 1 снежня па 1 сакавіка выкарыстанне зімовых шын - абавязковае патрабаванне. У гэты перыяд іх адсутнасць прывядзе да адміністрацыйнага спагнання.

Таксама вадзіцелям неабходна праверыць агульны стан сістэмы ацяплення. Важна праверыць спраўнасць фар і габарытных агнёў. Не будзе лішнім замяніць шклоачышчальнікі, амывальнік ветравога шкла неабходна заправіць спецыяльнай незамярзаючай вадкасцю.

"Трэба таксама перастроіцца на зімовы стыль кіравання: выбіраць бяспечную скорасць і дыстанцыю з улікам стану праезнай часткі, адмовіцца ад рызыкоўных манеўраў і бясконцых перастраенняў з рада ў рад, пазбягаць рэзкіх тармажэнняў, павысіць пільнасць пры праездзе пешаходных пераходаў. Неабходна абдумваць кожнае сваё дзеянне, кіраваць транспартам спакойна і акуратна", - падкрэсліла Ганна Банадык.

Пешаходам важна разумець, што на слізкай дарозе ў разы павялічваецца тармазны шлях любой машыны. Пры экстранным тармажэнні аўтамабіль можа трапіць у некіруемы занос. У сувязі з гэтым пешаходам не трэба рызыкаваць уласнай бяспекай, неабходна пераходзіць дарогу ва ўстаноўленых месцах і толькі пераканаўшыся, што ўсе аўтамабілі паспелі спыніцца. Ва ўмовах недастатковай бачнасці трэба абазначаць сябе святловяртальнымі элементамі, якія дапамагаюць вадзіцелю своечасова заўважыць чалавека на дарозе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі