Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2021, 14:28

БРСМ і НЦПІ падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БРСМ і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Беларусі падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве. Аб гэтым у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміў другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў.

"Сёння ў Беларусі стартаваў Тыдзень моладзі. Яго цэнтральнай падзеяй стане адкрыты дыялог "Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы", які пройдзе на базе Нацыянальнай бібліятэкі 24 чэрвеня. Адкрытаму дыялогу папярэднічала абмеркаванне пытанняў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на розных дыялогавых пляцоўках, у тым ліку на форумах "Беларусь - гэта мы!". Прапановы збіраліся, абагульняліся, у тым ліку і для распрацоўкі праекта стратэгіі развіцця БРСМ на бліжэйшую перспектыву", - расказаў Аляксандр Прохараў.

Паводле яго слоў, адкрыты дыялог "Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы" пройдзе афлайн і анлайн з удзелам рэгіёнаў краіны. "Моладзь выкажа свае прапановы. Для ўдзельнікаў адкрытага дыялогу тэрытарыяльныя арганізацыі БРСМ творча прэзентуюць сем вядучых напрамкаў дзейнасці маладзёжнай арганізацыі. Акрамя таго, у Нацыянальнай бібліятэцы будзе абагульнена і прадстаўлена ў экспазіцыі выпускаемая за апошнія гады ў Беларусі метадычная літаратура аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы. Экспазіцыя будзе падрыхтавана бібліятэкай, Нацыянальным інстытутам адукацыі і непасрэдна саюзам моладзі. Удзельнікі адкрытага дыялогу змогуць вывучыць і паглядзець, што распрацавана ў краіне па гэтай тэматыцы для абмену вопытам", - адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ.

На адкрыты дыялог запрошаны прадстаўнікі парламента, міністэрстваў і ведамстваў, якія займаюцца маладзёжнай палітыкай, кіраўнікі структурных падраздзяленняў саюза моладзі, усе грамадскія арганізацыі патрыятычнай накіраванасці, з якімі саюз моладзі падпісаў мемарандум, пераможцы і прызёры праектаў БРСМ, прадстаўнікі студэнцкіх атрадаў, маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Будзе арганізаваны буккросінг, на якім таксама будзе прадстаўлена тэматычная літаратура, выпушчаная як у Беларусі, так і за яе межамі, атрыманая ў дар ад партнёраў за ўсю гісторыю дзейнасці маладзёжнай арганізацыі.

"Каб у далейшым пачутыя ідэі, думкі, прапановы і інавацыі ўпарадкаваць, структураваць і надаць ім юрыдычны статус, у час дыялогу БРСМ і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Беларусі падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве", - дадаў Аляксандр Прохараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі