Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 верасня 2022, 17:02

Бясплатнае лячэнне ў санаторыях Беларусі за год атрымалі каля 20 тыс. інвалідаў, з іх 8 тыс. дзяцей

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бясплатнае лячэнне ў санаторыях Беларусі за год атрымалі каля 20 тыс. інвалідаў, з іх 8 тыс. дзяцей. Аб гэтым расказаў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час чарговага пасяджэння Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў на базе санаторыя "Бярэзіна" ў Барысаўскім раёне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Традыцыйна пасяджэнні савета праводзяцца ў рэгіёнах з наведваннем тэматычных мясцін. "Санаторый "Бярэзіна" - адзін з аб'ектаў, які знаходзіцца ў веданні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ён забяспечвае лячэнне інвалідаў і ветэранаў вайны, працы. Са 105 санаторыяў Беларусі большая палавіна прадастаўляе санаторна-курортнае лячэнне асобам з абмежаванымі магчымасцямі. За мінулы год мы забяспечылі такім бясплатным лячэннем каля 20 тыс. інвалідаў, з якіх каля 8 тыс. - дзеці", - расказаў Ігар Петрышэнка.

Усе аздараўленчыя арганізацыі краіны ўдасканальваюць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, асноўным элементам развіцця санаторна-курортнага лячэння, асабліва ў кавідны перыяд, стаў працэс сумяшчэння лячэння і рэабілітацыйных працэдур. "Гэта дазваляе сумясціць, напрыклад, лячэнне пнеўманіі, хвароб верхніх дыхальных шляхоў, якія звязаны з COVID-19, і рэабілітацыю з выкарыстаннем якаснага абсталявання і новых методык, - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. - Урад удасканаліў крытэрыі ацэначных параметраў функцыянавання здраўніц і павышае планку штогод. У кожным санаторыі Беларусі ёсць свая праграма перааснашчэння, закупкі новага абсталявання. Дзякуючы гэтаму нашы грамадзяне змогуць атрымліваць неабходнае санаторна-курортнае лячэнне з выкарыстаннем перадавых методык і падыходаў".

Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што важна разгледзець і пералік захворванняў, якія не дазваляюць атрымліваць лячэнне ў санаторыях. "Мы будзем рухацца ў бок змяншэння гэтага абмежавальнага медыцынскага спіса, каб можна было забяспечыць максімальны ахоп людзей такімі паслугамі. У далейшым будзем удасканальваць заканадаўчую і нарматыўна-прававую базу ў частцы аказання санаторна-курортнага лячэння ў Беларусі і абмяркоўваць пытанні прадаўжэння рэалізацыі стыкоўкі медыцынскага і санаторна-курортнага лячэння", - дадаў ён.

На прыкладзе санаторыя "Бярэзіна" віцэ-прэм'ер азнаёміўся з арганізацыяй аказання традыцыйных відаў санаторна-курортнага лячэння, спадарожных паслуг, а таксама з правядзеннем аздараўленчай кампаніі ў цэлым (культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, харчаванне). "Вельмі важна, што чалавек, прыязджаючы ў такую ўстанову, поўнасцю акунаецца на перыяд лячэння ў адпаведнае асяроддзе. Гэта таксама станоўча ўплывае на рэабілітацыйныя працэсы", - растлумачыў Ігар Петрышэнка.

Дзяржава забяспечвае бясплатныя пуцёўкі для людзей з інваліднасцю I, II групы і дзецям-інвалідам. Непрацуючыя ветэраны працы і інваліды III групы атрымліваюць пуцёўкі з аплатай частковага кошту ў залежнасці ад атрымліваемага грашовага даходу. Сума платы за пуцёўку складае ад Br117 да Br156 пры сярэднім кошце пуцёўкі Br810. Амаль 85 працэнтаў ад кошту пуцёўкі субсідзіруецца за кошт бюджэтных сродкаў. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, на гэтыя мэты штогод расходуецца больш за Br20 млн. "Такім чынам мы ажыццяўляем сацыяльную функцыю дзяржавы па прадастаўленні бясплатнага санаторна-курортнага лячэння асобам з інваліднасцю. Гэта сімвалічная плата, якую ўносяць людзі за якаснае лячэнне ў здраўніцах Беларусі, - адзначыў ён. - Перад урадам стаіць задача забяспечыць усе санаторыі краіны безбар'ерным інклюзіўным асяроддзем для атрымання аздараўленчых і санаторных паслуг любой катэгорыяй грамадзян".

Паводле інфармацыі Мінпрацы, штогод у санаторыях Беларусі на льготных умовах праходзяць аздараўленне больш за 26 тыс. чалавек, з іх 17,5 тыс. (інваліды, ветэраны вайны і працы) праходзяць курс санаторна-курортнага лячэння ў ведамасных здраўніцах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі