Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 17:33

БЕЛАЗ адкрыў палігон для выпрабаванняў дызель-тралейвозаў

22 чэрвеня, Жодзіна /Кар. БЕЛТА/. Сёння БЕЛАЗ адкрыў палігон для выпрабаванняў дызель-тралейвозаў, а таксама прадставіў доследную мадэль такой тэхнікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрыццё палігона дазволіць прадпрыемству правесці якасныя выпрабаванні дызель-тралейвозаў і прапанаваць спажыўцам комплексныя рашэнні па пастаўцы інавацыйнай тэхнікі з усёй неабходнай інфраструктурай пад ключ.

Для выпрабаванняў дызель-тралейвозаў на тэрыторыі прадпрыемства зманціравана кантактная тралейная лінія агульнай працягласцю больш за 400 м, устаноўлены 33 апоры, а таксама цягавая падстанцыя магутнасцю 1,8 МВт. Кантактная сетка зманціравана ў тым ліку на працягу самага складанага ўчастка трасы - пад'ёму.

У якасці кар'ернага самазвала для вырабу дызель-тралейвоза выбраны флагман у сямействе грузападымальнасці 220 т - кар'ерны самазвал БЕЛАЗ-75306.

Дызель-тралейвоз БЕЛАЗ-7530Е аснашчаны новай сістэмай кіравання цягавым электрапрыводам, а таксама мае шэраг асаблівасцей у параўнанні са звычайным выкананнем. У прыватнасці, напружанне ў тралейным рэжыме перадаецца ад кантактнай сеткі на цягавыя электрарухавікі самазвала, абмінаючы генератар. Машына абсталявана пантографамі (токаздымальнікамі), устаноўлена дадатковая сілавая шафа з элементамі сістэмы аховы і дыягностыкі з вадкасным ахаладжэннем (сумесная распрацоўка ААТ "БЕЛАЗ" і ТДА "СТРІМ", Магілёў), укаранёны органы кіравання тралейным рэжымам, а таксама ўстаноўлена адаптыўнае праграмнае забеспячэнне.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця палігона і дэманстрацыі тэхнікі прынялі ўдзел міністр прамысловасці Беларусі Пётр Пархомчык, старшыня ўрада Сахалінскай вобласці Аляксей Белік, генеральны дырэктар ААТ "БЕЛАЗ" Сяргей Нікіфаровіч, а таксама прадстаўнік патэнцыяльнага заказчыка доследнай партыі дызель-тралейвозаў старшыня савета дырэктараў Усходняй гарнаруднай кампаніі Алег Місеўра.

"Нашы прадпрыемствы звязвае доўгая дружба. Прадстаўнікі кампаніі БЕЛАЗ неаднаразова бывалі на Сахаліне. Сёння мы можам ганарыцца нашай сумеснай работай і тымі вынікамі, якіх Усходняя рудная кампанія дабілася за апошнія гады. Я вельмі рады, што яны выбралі менавіта беларускае прадпрыемства, якое з гонарам выконвае пастаўленыя задачы. БЕЛАЗ заўсёды займаўся актыўнай інавацыйнай дзейнасцю. І цяпер мы прысутнічаем у рэалізацыі аднаго з унікальных праектаў у сферы зялёных тэхналогій. Заказчыкам гэтых тэхналогій выступаюць нашы сябры з Сахаліна, - сказаў Пётр Пархомчык. - Для таго каб канструктары маглі самі адчуць гэты новы напрамак, спатрэбілася стварыць выпрабавальны палігон, на якім можна зрабіць усе неабходныя дапрацоўкі і выканаць задачы, якіх патрабуюць гэтыя тэхналогіі. Упэўнены, што ў БЕЛАЗа ўсё атрымаецца".

У сваю чаргу Алег Місеўра адзначыў, што з БЕЛАЗам у кампаніі сапраўды даўнія адносіны. "Мы пачалі супрацоўнічаць яшчэ шмат гадоў таму, недзе з 2000 года, і цяпер прадаўжаем сумесную плённую працу. Мы - інавацыйная кампанія і стараемся прымяняць розныя сучасныя тэхналогіі. Гэта новая тэхніка БЕЛАЗ будзе задзейнічана спачатку на нашых прадпрыемствах, а потым, упэўнены, на ўсіх прадпрыемствах Беларусі, Расіі і свету ў цэлым", - падкрэсліў ён. Паводле яго слоў, кампанія аддала перавагу беларускай тэхніцы, нягледзячы на ​​тое, што на прадпрыемстве выкарыстоўваюцца машыны і іншых вытворцаў. "Са 120 адзінак тэхнікі каля 100 адзінак - гэта БЕЛАЗ", - дадаў старшыня савета дырэктараў кампаніі.

"Нашы краіны аб'ядноўваюць добрасуседскія адносіны, мы даўно зарэкамендавалі сябе як надзейныя партнёры. Сёння мы адкрываем новую лінію, якая на тэрыторыі Сахалінскай вобласці прызначана стварыць прынцыпова новы напрамак па вугляроднай нейтральнасці. Наш рэгіён увайшоў у пілотны праект Расійскай Федэрацыі па вугляроднай нейтральнасці, і той прадукт, які мы сёння бачым, - гэта часцінка агульнай мэты, да якой мы ідзём. З пункту гледжання развіцця прадпрыемства гэта прарыў у будучае", - канстатаваў Аляксей Белік.

Сяргей Нікіфаровіч адзначыў, што запуск палігона па выпрабаванні дызель-тралейвозаў - значны рывок у цэлым у індустрыі вытворчасці кар'ернай тэхнікі. "Запуск такіх машын - перспектыўны напрамак развіцця кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ, які ўлічвае сусветныя тэндэнцыі па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі. Эксплуатацыя дызель-тралейвоза садзейнічае скарачэнню выкідаў шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе і паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі ў кар'ерах і прылеглых рэгіёнах. Мы прапануем комплексныя рашэнні па арганізацыі ўсёй неабходнай інфраструктуры. І верым, што менавіта такі падыход дапаможа нашым спажыўцам павялічваць прадукцыйнасць і зніжаць кошт перавозак", - сказаў ён.

Прысутныя на мерапрыемстве высока ацанілі не толькі навукова-тэхнічны, бізнес-патэнцыял, але і экалагічны патэнцыял распрацоўкі. Пётр Пархомчык і Аляксей Белік паабяцалі прыкласці ўсе намаганні для таго, каб дапамагчы праекту рэалізавацца і стаць яскравым прыкладам узаемавыгаднай міждзяржаўнай кааперацыі. Іх падтрымаў і ключавы на бягучы момант бізнес-партнёр праекта. Алег Місеўра заявіў: "Як патэнцыяльны, зацікаўлены заказчык мы стараемся быць максімальна ўключаны ў ход распрацоўкі і тэсціравання навінкі. Цяпер якраз актыўна абмяркоўваем з беларускім бокам правядзенне доследна-прамысловай эксплуатацыі машыны на Сонцаўскім разрэзе. Спадзяюся, пры ўсебаковай адміністрацыйнай падтрымцы ўсё атрымаецца".

Згодна з папярэднімі дамоўленасцямі бакоў у 2022 годзе на тэрыторыі Сонцаўскага вугальнага разрэзу ў Вуглягорскім раёне Сахалінскай вобласці з'явіцца адпаведная інфраструктура для правядзення комплексных эксплуатацыйных выпрабаванняў самазвалаў у дызель-тралейным выкананні. Са свайго боку Усходняя гарнарудная кампанія плануе на першым этапе пераабсталяваць для работы з сілкаваннем пад тралейнай лініяй частку эксплуатуемых самазвалаў БЕЛАЗ-75306, а ў далейшым пры паспяховым дасягненні заяўленых тэхніка-эканамічных паказчыкаў будзе разгледжана магчымасць пашырэння эксперыменту аж да поўнага пераводу ўсяго парку такіх машын.

Што датычыцца пераваг дызель-тралейвозаў, па-першае, гэта сучасна. Сусветная горназдабыўная галіна прыходзіць да ўкаранення больш экалагічных машын. Дызель-тралейвозы - перспектыўны напрамак развіцця кар'ернай тэхнікі, які ўлічвае сусветныя тэндэнцыі па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Па-другое, гэта экалагічна. Выкарыстанне такой тэхнікі садзейнічае скарачэнню выкідаў шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе і паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі ў кар'ерах і прылеглых рэгіёнах.

Па-трэцяе, гэта выгадна. Да двух разоў павялічваецца скорасць дызель-тралейвоза на пад'ёме пад кантактнай сеткай, да 80 працэнтаў зніжаюцца расходы на паліва пры руху пад кантактнай сеткай, да 20 працэнтаў павышаецца прадукцыйнасць. Таксама зніжаюцца затраты на абслугоўванне дызельнага рухавіка і яго сістэм, павялічваецца інтэрвал тэхнічнага абслугоўвання.

Па-чацвёртае, гэта перспектыўна. З ростам кошту нафты і дызельнага паліва актуальнасць выкарыстання дызель-тралейвознага транспарту будзе толькі расці. А імкненне горназдабыўных прадпрыемстваў да павелічэння прадукцыйнасці і зніжэння кошту перавозак надасць новы імпульс развіццю энергаэфектыўных тэхналогій.

У планах прадпрыемства замест рухавіка прымяніць у саставе дызель-тралейвозаў накапляльнікі на базе акумулятараў або кандэнсатараў, што дасць магчымасць стварыць цалкам зялёны транспарт, свабодны ад шкодных выкідаў. Зарадка накапляльнікаў прадугледжваецца ў час руху пад кантактнай сеткай і на спуску, а ўдзельная ёмістасць акумулятарных батарэй і колькасці іх цыклаў зараду-разраду будзе павялічана ў некалькі разоў. Ёсць усе падставы меркаваць, што такое тэхнічнае рашэнне стане запатрабаваным.

БЕЛАЗ плануе не толькі прапаноўваць спажыўцам дызель-тралейвозную тэхніку, але і дапамагаць з арганізацыяй інфраструктуры для яе якаснай работы.

Упершыню дызель-тралейвоз быў сабраны на БЕЛАЗе яшчэ ў савецкія часы, у 1964 годзе. Праз два гады навінку - 65-тонны БЕЛАЗ-Э524 - даставілі на кузбаскі вугальны разрэз Краснагорскі. Праз два дзесяцігоддзі БЕЛАЗ зрабіў наступную спробу запусціць тралейвозы ў серыйную вытворчасць. У 1987 годзе з канвеера сышлі два дызель-тралейвозы БЕЛАЗ-75195 грузападымальнасцю 110 т. Іх тэсціравалі гарнякі Куржункульскага жалезаруднага рудніка, размешчанага ў Казахстане. Выпрабаванні прайшлі паспяхова, але ажыццяўленню амбіцыйных планаў па вытворчасці тэхнікі будучыні перашкодзіў распад СССР.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі