ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 30 лістапада 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2021, 14:43

Беларускія анколагі вылучылі гіпотэзу пра ўплыў COVID-19 на зніжэнне анказахваральнасці

Фота з архіва
Фота з архіва

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія анколагі вылучылі гіпотэзу пра ўплыў COVID-19 на зніжэнне анказахваральнасці, паведаміў журналістам намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей Красны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сяргей Красны адзначыў: каранавірусная інфекцыя характарызуецца высокай тэмпературай, якая трымаецца доўга. "А вядома, што злаякасныя пухлінныя клеткі вельмі адчувальныя да высокай тэмпературы.У нашым цэнтры больш за 40 гадоў прымяняецца агульная і лакальная гіпертэрмія для лячэння злаякасных пухлін", - сказаў ён.

Больш таго, пры каранавіруснай інфекцыі адзначаецца рэзкі ўздым імунітэту, як клетачнага, так і гумаральнага. Гэта значыць, выпрацоўваецца вялікая колькасць антыцелаў. Клеткі імуннай сістэмы і антыцелы характарызуюцца вельмі высокай неспецыфічнай проціпухліннай актыўнасцю, і гэта выкарыстоўваецца сёння ў проціпухліннай імунатэрапіі. "Такім чынам, такое комплекснае ўздзеянне (з аднаго боку, гіпертэрмія, з другога - уздым імунітэту) можа тармазіць пухлінны рост, прыводзіць да рэгрэсіі пухлін і нават у некаторых выпадках да вылечвання", - адзначыў намеснік дырэктара.

Ён растлумачыў, як беларускія анколагі прыйшлі да такой высновы. У Беларусі наладжана рэгістрацыя злаякасных пухлін. У адпаведнасці з данымі канцэр-рэгістра, на працягу апошніх гадоў у рэспубліцы расла захваральнасць на злаякасныя новаўтварэнні. У 2019 годзе колькасць нававыяўленых выпадкаў злаякасных пухлін дасягнула 54 тыс. Аднак у 2020 годзе ўпершыню адбылося рэзкае зніжэнне захваральнасці адразу на 20 працэнтаў, а гэта менш прыкладна на 11 тыс. патэнцыяльных пацыентаў. Такая ж тэндэнцыя адзначалася ў большасці развітых краін свету.

"Мы даволі лагічна меркавалі, што гэта звязана са змяншэннем зваротаў анкалагічных пацыентаў за медыцынскай дапамогай: яны проста баяліся інфіцыравацца каранавіруснай інфекцыяй і не звярталіся. Акрамя таго, скараціліся дыспансерызацыя і праграмы скрынінгу. Мы чакалі, што ў 2021 годзе будзе рэзкі ўздым захваральнасці, таму што гэтыя пацыенты нікуды не павінны былі дзецца", - сказаў Сяргей Красны.

Зрэшты, пасля аналізу даных канцэр-рэгістра аказалася, што ў 2021 годзе адбылося яшчэ большае зніжэнне захваральнасці на злаякасныя новаўтварэнні. Поўнасцю растлумачыць гэта зніжэннем зваротаў немагчыма, лічыць намеснік дырэктара.

"Тады мы дапусцілі меркаванне: гэта можа быць звязана з павышанай смертнасцю анкалагічных пацыентаў ад кавід-інфекцыі. Сапраўды, анкалагічныя пацыенты характарызуюцца зніжаным імунітэтам, яны аслабленыя, адносяцца да групы павышанай рызыкі смерці ад каранавіруснай інфекцыі", - растлумачыў ён. Але, паводле даных канцэр-рэгістра, аказалася, што ў 2020 годзе анкалагічная смяротнасць знізілася. Больш таго, ад прычын, не звязаных са злаякаснымі пухлінамі памерла ўсяго на 240 анкапацыентаў больш, чым у 2019 годзе. Гэта зусім невялікая лічба. "Хутчэй за ўсё яна абумоўлена каранавіруснай інфекцыяй, але гэта ніяк не тлумачыць зніжэнне захваральнасці", - адзначыў Сяргей Красны. Ён дадаў, што сумарна за 2020 і 2021 гады колькасць анкапацыентаў знізілася амаль на 25 тыс.

Так і ўзнікла гіпотэза аб уплыве каранавіруснай інфекцыі. Сяргей Красны падкрэсліў, што пакуль гэта толькі гіпотэза. "Але вельмі хацелася б, каб гэта аказалася праўдай. Праз некалькі гадоў мы зможам адказаць да гэта пытанне. Павінна ж быць хоць нешта станоўчае ў гэтай каранавіруснай пандэміі", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі