ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 20 кастрычніка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 верасня 2021, 16:13

Артызаў: архівы Беларусі і Расіі захоўваюць дакладную нацыянальную памяць

Фота з архіва
Фота з архіва

22 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Архівы Беларусі і Расіі захоўваюць дакладную нацыянальную памяць. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся кіраўнік Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі Андрэй Артызаў у час сумеснага пасяджэння калегій Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі і Федэральнага архіўнага агенцтва РФ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прафесія, да якой належым я і мае беларускія калегі, гэта прафесія захавальнікаў нацыянальнай памяці. Самыя актуальныя пытанні супрацоўніцтва - забяспечыць захаванасць гэтай памяці, яе дакладнасць і даць магчымасць грамадзянам нашых краін атрымліваць гэту інфармацыю. І каб гэта было не скажона, каб людзям была вядома праўда", - адзначыў Андрэй Артызаў.

Паводле слоў Андрэя Артызава, адна з ключавых тэм сумеснай работы - Вялікая Айчынная вайна. "І для расіян, і для беларусаў яна блізкая. Былі мільёны ахвяр. Таму зборнікі выданняў дакументаў, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, з нашымі беларускімі калегамі рыхтуем разам. Наш знакаміты праект - "Без тэрміну даўнасці". Ён расказвае аб злачынствах нацыстаў і іх саюзнікаў, таму што нацысты тут былі не адны. Усе гэтыя сведчанні публікуем у нашых кнігах. Больш за 20 такіх выданняў прысвечана рэгіёнам Расіі, якія пацярпелі ў час вайны. Цяпер гэты праект прыйшоў на беларускую зямлю: ужо выдадзены тры кнігі, адна з якіх прысвечана Магілёўскай вобласці".

Як адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Віктар Кураш, такія сустрэчы з расійскімі калегамі праходзяць з 1992 года. "Абмяркоўваем усе актуальныя пытанні архіўнай дзейнасці. Гэта захоўванне, камплектаванне, рэстаўрацыя дакументаў, папулярызацыя выкарыстання дакументаў. Цяпер асноўнымі сталі пытанні электроннага архіва, таму сумесна распрацоўваем інфармацыйныя праграмы, размяшчаем пры выкарыстанні сучасных воблачных тэхналогій. Па парадку дня бяруцца нейкія канкрэтныя тэмы, ці то па платных паслугах, ці то па забеспячэнні захаванасці, нейкіх рэстаўрацыйных работах, але абмяркоўваецца ўвесь спектр пытанняў, - падкрэсліў ён. - Сёння архіўная галіна - гэта не проста сховішча. Гэта навуковыя цэнтры, таму што выяўленне дакументаў - від навуковай дзейнасці. Гэта выдавецкая дзейнасць, якая забяспечвае доступ да дакументаў для шырокага кола карыстальнікаў. Гэта культурныя цэнтры, дзе праходзяць выставы, прысвечаныя не толькі вялікім датам, але і пэўным асобам", - падкрэсліў Віктар Кураш.

Паводле слоў дырэктара дэпартамента, з расійскімі калегамі беларускія спецыялісты за апошнія гады выдалі некалькі дзясяткаў зборнікаў дакументаў, якія датычацца аднаўлення пасля Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі Беларусі, яе аграрнай галіны, прамысловасці, сацыяльнай сферы. Правялі выставы, прысвечаныя Мюнхенскаму пагадненню і падпісанню Рыжскага дагавора, цяпер рыхтуецца праект да 75-годдзя Нюрнбергскага працэсу. "Асабліва актуальная работа архіўнай галіны сёння, калі робяцца спробы, у тым ліку і калектыўнага Захаду, сказіць гісторыю вайны", - падкрэсліў ён.

"Цяпер мы знаходзімся ў інтэграцыйным працэсе фарміравання асноў Саюзнай дзяржавы. Знешняя палітыка нашых партнёраў прывяла да таго, што супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі стала яшчэ больш цесным. І сёння мы бачым: усё тое, што мы рабілі адзін для аднаго раней, дае свой плён, - падкрэсліў у час пасяджэння намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. - Я ўпэўнены: знаходжанне на магілёўскай зямлі для нашых гасцей будзе камфортным і пазнавальным. А прафесійнае абмеркаванне, нават і не сумняваюся, было карысным для далейшай паспяховай работы".

Пасля сумеснага пасяджэння ў Палацы культуры вобласці ў Магілёве прайшло адкрыццё выставы "Партызаны Беларусі" і прэзентацыя праекта "Без тэрміну даўнасці".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі