Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 мая 2022, 15:51

Арганізацыі Беларусі гатовы прадаставіць каля 5 тыс. вакансій для навучэнскай моладзі

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі Беларусі гатовы прадаставіць каля 5 тыс. вакансій для навучэнскай моладзі. Аб гэтым паведаміла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Наталля Лабачова на прэс-канферэнцыі "Часовае працаўладкаванне для навучэнскай моладзі. Дзейнасць студэнцкіх атрадаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер аб магчымасці забяспечыць часовую занятасць навучэнскай моладзі праінфармавалі больш за 400 арганізацый, якія гатовы прадаставіць для гэтых мэт каля 5 тыс. вакансій. У асноўным сярод вакансій прадаўцы, памочнікі прадаўцоў, кур'еры, падсобныя рабочыя, рабочыя зялёнага будаўніцтва. З маладымі грамадзянамі, накіраванымі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для часовага працаўладкавання, наймальнікі заключаюць тэрміновыя працоўныя дагаворы. Такім чынам на іх распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса і заканадаўства аб ахове працы", - адзначыла Наталля Лабачова.

Часовая занятасць моладзі ў свабодны ад вучобы час арганізавана службай занятасці ва ўсіх рэгіёнах краіны ўвесь год. Прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне прадастаўляецца маладым людзям з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, непаўналетнім, якія стаяць на ўліку ў камісіях і інспекцыях па справах непаўналетніх. "З мэтай арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі службай занятасці ўжо заключана каля 500 дагавораў з наймальнікамі з выкарыстаннем на гэтыя мэты фінансавых рэсурсаў з дзяржпраграмы. На часовыя рабочыя месцы з фінансавай падтрымкай дзяржавы ў свабодны ад вучобы час працаўладкавана больш за 3 тыс. навучэнцаў. Школьнікам прапануецца прыняць удзел у работах па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый навучальных устаноў, рамонце вучэбнай мэблі, рэстаўрацыі кніжнага фонду бібліятэк, вырабе сувенірнай прадукцыі", - праінфармавала кансультант.

Наталля Лабачова нагадала, што пачынаць сваю працоўную дзейнасць юнакі і дзяўчаты могуць з 14 гадоў, але з абавязковай умовай - дазвол аднаго з бацькоў. З 16 гадоў навучэнцы такое рашэнне могуць прымаць самастойна. Ва ўзросце 14-16 гадоў дзеці могуць працаваць 4 гадзіны 36 мінут у дзень, у 16-18 гадоў - 7 гадзін. Акрамя таго, забараняецца прыцягненне асоб маладзейшых за 18 гадоў да працы на цяжкіх работах і на работах са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, да начных і звышурочных работ, да работ у дзяржаўныя святы і святочныя дні, да работ у выхадныя дні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі