ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск +25°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 ліпеня 2022, 13:17

Відэазварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на пленарным пасяджэнні IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Фота з архіва
Фота з архіва

Відэазварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на пленарным пасяджэнні IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Дарагія сябры!

Дазвольце прывітаць усіх удзельнікаў IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Гасцінная Гродзенская зямля ўпершыню прымае гасцей такога знакавага мерапрыемства. Сустрэча дэлегацый праходзіць фактычна на стыку дзвюх культурных цывілізацый - Усходу і Захаду.

Мы бачым у гэтым сімвалічнае значэнне, паколькі, нягледзячы ні на што, нацэлены на мірны дыялог з усімі краінамі. І пакуль заходнія суседзі падцягваюць да нашай граніцы войскі НАТА, мы займаемся абсалютна стваральнымі ініцыятывамі.

Для Беларусі і Расіі Форум даўно стаў адным з сімвалаў роднасці славянскіх народаў. Само жыццё паказвае, што мы знайшлі фармат міжрэгіянальнага і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, які сапраўды адпавядае карэнным інтарэсам беларусаў і расіян.

Больш таго, Форум з'яўляецца эфектыўным і адэкватным адказам на новыя выклікі, з якімі мы сутыкнуліся сёння.

Адзначу, што ў самыя цяжкія часы міжрэгіянальнае супрацоўніцтва заўсёды нас выручала.

Так было ў 1990-я, калі менавіта на ўзроўні рэгіёнаў удалося захаваць не толькі эканамічныя сувязі, але і ментальнае і духоўнае адзінства двух брацкіх народаў.

І сёння Форум з'яўляецца народнай ініцыятывай, а не вынікам рашэнняў зверху. Гэта дыялогавая пляцоўка, дзе выпрацоўваюцца механізмы па рэалізацыі дамоўленасцей, прынятых на высокім і вышэйшым узроўнях.

У цяперашніх геапалітычных рэаліях Форум выконвае важную місію - садзейнічае стварэнню трывалай эканамічнай асновы ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы.

Асабліва радуюць рэальныя вынікі, важныя і для развіцця рэгіёнаў, і для функцыянавання канкрэтных прадпрыемстваў, і ў цэлым для паляпшэння жыцця нашых людзей. Што б вакол нас ні адбывалася.

Грамадзяне як Беларусі, так і Расіі маюць роўныя правы ў сферах працы, адпачынку, аховы здароўя, адукацыі. Такіх прыкладаў клопату пра людзей, якія жывуць у розных дзяржавах і звязаны роднаснымі вузамі, на постсавецкай прасторы, на жаль, няма.

Намі ўжо створана тое, аб чым мы так доўга гаварылі на розных узроўнях. Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы прыняў рашэнне аб паглыбленні двухбаковай эканамічнай інтэграцыі.

Яна нацэлена на фарміраванне якасна новага асяроддзя абароту тавараў і паслуг паміж нашымі краінамі, стварэнне аб'яднаных галіновых рынкаў.

А гэта прадугледжвае далейшае збліжэнне макраэканамічных палітык дзвюх дзяржаў, гарманізацыю валютнага рэгулявання, прадастаўленне роўнага доступу да дзяржаўных заказаў і закупак, укараненне агульных правіл канкурэнцыі і забеспячэнне роўных правоў спажыўцоў.

Пачынаем ужо выконваць саюзныя праграмы па фарміраванні адзінай прамысловай і адзінай аграрнай палітыкі Саюзнай дзяржавы.

Шалёныя і незаконныя санкцыі Захаду падштурхнулі нас да паскораных рашэнняў у сферы транспарту і лагістыкі, укаранення ўласных плацежных сістэм і разлікаў у нацыянальных валютах.

Адзначу, што ў гэтым годзе ў разы актывізаваліся кантакты з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. І геаграфія такіх кантактаў пашыраецца. Некаторыя губернатары пабывалі ў Беларусі не адзін раз.

Можна ўпэўнена сказаць, наша краіна знайшла чым зацікавіць кожную дэлегацыю. Мы атрымалі новыя магчымасці для экспарту тавараў і паслуг, а нашы спецыялісты набылі ўнікальныя кампетэнцыі, як у выпадку з будаўніцтвам касмадрома Усходні або Беларускай атамнай станцыі.

Сёння для дзвюх краін сапраўды адкрываюцца доўгатэрміновыя перспектывы. Беларусь прапануе расійскім рэгіёнам, у прыватнасці, свой удзел у мадэрнізацыі ключавых сектараў эканомікі. Яскравы прыклад - мікраэлектроніка.

Гатовы перайсці ад простага гандлю да стварэння сумесных вытворчасцей (асабліва ў машына- і станкабудаванні), удзельнічаць у праграмах імпартазамяшчэння.

У нас ёсць шмат цікавых прапаноў у галіне сельскай гаспадаркі, паставак абсталявання, фарміравання кампанентнай базы, асваення космасу, фармацэўтыкі.

І размова ідзе не пра нейкія дубліруючыя вытворчасці. Мы не збіраемся паміж сабой канкурыраваць. Я ўжо гэта гаварыў і яшчэ раз паўтару: ад вытворчай кааперацыі выйграюць усе.

У нас вызваліліся велізарныя рыначныя нішы, якія кінуты заходнімі кампаніямі, на мільярды рублёў. Гэта будуць цяпер нашы рабочыя месцы і гарантаваны даход для мільёнаў беларусаў і расіян.

Шэраг ключавых напрацовак Саюзнай дзяржавы пакуль не мае аналагаў. У нас склаліся і развіваюцца інстытуты саюзнага бюджэту і саюзнай уласнасці. За кошт сродкаў нашага саюза фінансуюцца праграмы ў самых розных сферах.

Дзякуючы іх выкананню развіваецца кааперацыя паміж нашымі прадпрыемствамі, расце канкурэнтаздольнасць сумесна вырабляемай прадукцыі.

Лічу, што ў бліжэйшы час неабходна правесці поўную інвентарызацыю таго, як выконваюцца рашэнні Форуму. Не для кантролю, а для аптымізацыі ўсіх дамоўленасцей.

Дарагія сябры!

На сучасным этапе наш саюз адыгрывае ролю лакаматыва ў агульным патоку інтэграцыйных працэсаў. Ён з'яўляецца прыкладам, узорам культурнага і эканамічнага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

Сёння краіны постсавецкай прасторы павінны быць шчыра зацікаўлены ў збліжэнні з Саюзнай дзяржавай, калі, вядома, яны хочуць захаваць свае суверэнітэт і незалежнасць. Мы пераканаліся, што толькі разам можна процістаяць глабальным выклікам.

Тыя, хто пакуль яшчэ сумняваецца, павінны разумець: без хутчэйшага з'яднання, умацавання міждзяржаўных сувязей і проста нармальных чалавечых адносін нас заўтра можа не быць.

Паважаныя ўдзельнікі Форуму!

У перспектыве мы павінны імкнуцца да таго, каб зрабіць гэту пляцоўку цэнтрам прыцягнення міжрэгіянальных ініцыятыў.

Наперадзе нас чакае вялікая работа. Жадаю ўсім удзельнікам Форуму паспяховай і плённай дзейнасці на карысць народаў Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі