Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лютага 2020, 10:45

"Валюту трэба зарабляць, а не вывозіць" - Лукашэнка паабяцаў сур'ёзна ўзяцца за імпартазамяшчэнне

4 лютага, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Пытанню імпартазамяшчэння ў Беларусі будзе ўдзелена пільная ўвага. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў Добрушы азнаёміўся, як ідзе будаўніцтва завода па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону, які павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але аб'ект закансерваваны.

"На сённяшні дзень у чым праблема? Што засталося?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў расказаў, што завод гатовы на 90 працэнтаў. Засталося запусціць машыннае абсталяванне і завяршыць невялікія будаўнічыя работы.

"А навошта столькі грошай для гэтага (амаль $83 млн. - Заўвага БЕЛТА), калі ўсё ёсць?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, палова гэтых сродкаў будзе выплачана аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая зоймецца запускам машын. Беларускія прадпрыемствы не могуць самі зрабіць гэта, паколькі ў іх няма такіх кампетэнцый: такой вытворчасці раней не было на ўсёй постсавецкай прасторы. "Аўстрыйская кампанія - лідар у гэтай сферы. Яны гарантуюць, што мы атрымаем тое, дзеля чаго будуем завод", - адзначыў Юрый Назараў.

Аўстрыйцы ў выпадку неабходнасці таксама паставяць у Добруш тэхніку. У перспектыве наладзіць вытворчасць гэтых вузлоў можна і ў Беларусі.

"Усё гэта мы павінны вырабляць у сябе, калі нам спатрэбіцца. У нас няма нафты, як у Расіі. Яны могуць купіць любыя запчасткі: ім не шкада валюты. Нам трэба валюту зарабляць, таму пажадана не вывозіць яе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур'ёзна".

Прэзідэнт на прадпрыемстве наведаў цэх дрэвападрыхтоўкі, энергацэнтр і цэх карданаробчай машыны, азнаёміўшыся з тэхнічным перааснашчэннем завода. Прычым тэматыка імпартазамяшчэння гучала на працягу ўсяго наведвання завода. На думку кіраўніка дзяржавы, на невыкарыстоўваемых пляцоўках добрушскай фабрыкі можна было б арганізаваць вытворчасць упакоўкі з кардону, які ў хуткім часе будзе выпускацца на заводзе. На прадпрыемстве ўжо ёсць адпаведныя планы, іх дэталёва прапрацуюць у бліжэйшы час. Аднак пакуль тут, напрыклад, робяць сшыткі, а вокладкі да іх закупляюць на іншых прадпрыемствах.

"Непарадак. Усё гэта трэба рабіць у сябе. Гэта імпартазамяшчэнне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі