Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 снежня 2021, 18:39

Сустрэчу з актывам Магілёўскай вобласці Лукашэнка пачаў не па сцэнарыі

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з актывам Магілёўскай вобласці. Чакалася, што ў першую чаргу кіраўнік дзяржавы прадставіць новага губернатара, але мерапрыемства пачалося не па сцэнарыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я думаю, нам няма чаго ўтойваць адзін ад аднаго. Давайце пагаворым па актуальных пытаннях нашага парадку дня, нашага жыцця, - пачаў сустрэчу Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, усім будзе цікава, чым дыхае знутры наша Магілёўшчына".

Першым слова далі начальніку ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Ігару Паўлюшчанку. Ён коратка далажыў аб сацыяльна-палітычнай абстаноўцы, якая складваецца ў рэгіёне, рэагаванні на новыя выклікі і пагрозы бяспекі. "Цяпер сацыяльна-палітычная абстаноўка ў рэгіёне ў цэлым стабільная і кантралюемая, - заявіў ён. - З улікам праведзенай работы на працягу апошняга года спынены былі ачагі актыўнасці, якія раней траплялі ў поле зроку. Мы бачым неабходнасць работы і рэагавання на так званыя трыгеры ў пытаннях праблем сацыяльна-эканамічнага характару ў рэгіёне з боку мясцовай улады, дырэктараў прадпрыемстваў".

Паводле слоў Ігара Паўлюшчанкі, самая адчувальная праблема ў рэгіёне - гэта абстаноўка ў працоўных калектывах. "Калі мы яе ўтрымаем на тым узроўні, як цяпер, то, я лічу, нейкіх нечаканых момантаў для нас тут не будзе", - сказаў ён.

"Вы ў некаторай ступені самазаспакоіліся. Так, у нас, нібыта, у Магілёўскай вобласці не вельмі шумелі, крычалі, але трэба разумець, што гэта вяршыня айсберга - тое, што мы бачылі ў мінулым годзе. Што там ніжэй, залежыць ад сацыяльна-эканамічнага развіцця, узроўню і поспехаў Магілёўскай вобласці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы проста не можам дапусціць паўтарэння (мінулагодніх падзей. - Заўвага БЕЛТА). Каб нам не давялося зноў па вуліцы з аўтаматамі бегаць".

Сваё бачанне сітуацыі таксама агучыў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Ігар Шчарбачэня. Паводле яго слоў, намаганні міліцыі цяпер накіраваны на спыненне дэструктыўнай дзейнасці, устанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. "Праводзім актыўную работу, каб і ў далейшым не дапусціць тэрарыстычных праяў", - заявіў начальнік УУС.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, які раён у Магілёўскай вобласці непакоіць праваахоўнікаў у першую чаргу з пункту гледжання злачыннасці. Як адзначыў Ігар Шчарбачэня, асаблівую ўвагу міліцыя ўдзяляе Магілёву і Бабруйскаму раёну.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на праблему падзяжу жывёлы і нагадаў, што ставіў адпаведныя задачы ў гэтай сферы і праваахоўнікам пасля таго, як на прадпрыемствах былі выяўлены злачынныя схемы. "Я неяк сказаў, што без міліцыі мы парадку не навядзём. Калі вы не падключыцеся, не паставіце тут усіх на месца гультаёў і зладзюг, не гледзячы на асобы і званні, толку не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб эпідсітуацыі Прэзідэнт пацікавіўся ў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі. Паводле яго слоў, інтэнсіўнасць захваральнасці на COVID-19 у вобласці зніжаецца. На яго думку, гэта адбываецца дзякуючы сур'ёзнай рабоце з насельніцтвам у частцы выканання мер прафілактыкі. Акрамя таго, 50 працэнтаў насельніцтва ў рэгіёне прышчэплены першым кампанентам вакцыны.

"Трэба ісці сваім шляхам, разумеючы, што адбываецца ў свеце, узважваючы сітуацыю, у якой жыве наша краіна. Як паказаў час, своечасова ўвёўшы меры прафілактыкі, забяспечыўшы медыцынскія ўстановы неабходным абсталяваннем, падрыхтаваўшы кадры, мы гэту бітву выйгралі", - заявіў намеснік старшыні аблвыканкама.

Аднак, адзначыў Валерый Малашка, апошнім часам сталі даволі часта выяўляць і грып. У цэлым жа абстаноўка на сённяшні дзень развіваецца ў пазітыўным ключы.

"Так, дорага нам абышоўся гэты кавід. У тым плане, што насельніцтва запалохалі, асабліва ў першую хвалю. Цяжка ісці аднаму, калі на цябе ўсе шышкі валяцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Перад актывам таксама выступіў кіраўнік ААТ "Магілёўхімвалакно" Пётр Руднік. Ён далажыў аб сітуацыі на прадпрыемстве, у тым ліку пытаннях мадэрнізацыі, асваенні новых відаў прадукцыі, забеспячэнні рэнтабельнай працы.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў гендырэктара прадпрыемства аб стане спраў на вытворчасці і задаў метафарычнае пытанне: "Магілёўхімвалакно" хутчэй жывы ці мёртвы?"

"Мае работнікі кажуць: ажыў", - сказаў у адказ кіраўнік завода. Паводле яго слоў, у мінулым годзе прадпрыемства значна нарасціла аб'ёмы вытворчасці, працуе рэнтабельна, атрымліваючы прыбытак.

Для далейшага развіцця спатрэбіцца мадэрнізацыя вытворчасці. На гэта звярнуў увагу Пётр Руднік: "На старых тэхналогіях далёка не рушыш. Мадэрнізацыю праводзіць трэба". У ліку актуальных для прадпрыемства пытанняў ён таксама назваў кошт энергарэсурсаў. Для абмеркавання шляхоў вырашэння існуючых праблем і вызначэння шляхоў развіцця "Магілёўхімвалакна" гендырэктар прапанаваў арганізаваць візіт Прэзідэнта на прадпрыемства. "Давайце пабудзем там. Але каб вынік быў", - адказаў кіраўнік дзяржавы і даручыў уключыць гэта мерапрыемства ў яго рабочы графік.

Як паведамлялася БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Магілёў, каб прадставіць Анатоля Ісачанку актыву Магілёўскай вобласці на пасадзе губернатара.

У ліку запрошаных на сустрэчу было больш за 400 чалавек. Сёння на сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка быў зацверджаны на пасадзе старшыні аблвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі