Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 лістапада 2018, 12:06

Пра геапалітыку, бяспеку і супрацоўніцтва - Лукашэнка сустрэўся з аналітыкамі з ЗША

6 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША, якія наведваюць Беларусь 5-6 лістапада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта сустрэча важная не толькі для беларуска-амерыканскіх адносін, але і для ўсяго еўрапейскага рэгіёна ў цэлым. "Цяпер ваенна-палітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе застаецца вельмі няпростай, ды і ў Еўропе ў цэлым. На жаль, з існуючага становішча няма відавочнага выйсця, - сказаў Прэзідэнт. - Палітыкі, якія знаходзяцца ў палоне сваёй рыторыкі, не могуць дамовіцца. Ваенныя, як заўсёды, спадзяюцца на лепшае, але вымушаны рыхтавацца да горшага. У той жа час зусім побач - ва Украіне - прадаўжаюць гінуць людзі. Ваш цяперашні статус і фармат нашай сустрэчы даюць магчымасць адкрыта абмеркаваць важнейшыя пытанні нашага рэгіёна".

Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы абазначыў некалькі ключавых тэзісаў. Ён падкрэсліў, што Беларусь - маладая суверэнная дзяржава, якая праводзіць самастойную знешнюю палітыку і мае ўзважаную прагматычную пазіцыю па шырокім спектры праблемных пытанняў міжнароднай бяспекі.

Пра раўнапраўны дыялог

"Аднаўляючы нармальныя адносіны з ЗША, падтрымліваючы добрасуседскія сувязі з Еўрапейскім саюзам, пашыраючы партнёрства з НАТА, Беларусь імкнецца да выбудоўвання раўнапраўнага дыялогу з усімі. Мы выступаем за павышэнне адкрытасці і развіццё ўзаемаразумення ў рамках умацавання рэгіянальнай бяспекі", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, значную ўвагу Беларусь удзяляе праблемным пытанням з дзяржавамі-суседзямі. "Размова ідзе як пра краіны - члены НАТА, так і пра тых, хто не ўваходзіць у склад Альянсу", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Пра канфлікты

Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь знаходзіцца паміж двума буйнейшымі цэнтрамі сілы. "Вам як экспертам не толькі ў сферы знешняй палітыкі, але і ў ваенна-палітычных пытаннях не трэба тлумачыць, чым можа пагражаць нам любая ваенная канфрантацыя паміж Захадам і Усходам. Наша краіна катэгарычна не зацікаўлена ў канфліктах - ні ў гарачых, ні ў замарожаных. Ні ў суседзяў, ні тым больш на сваёй тэрыторыі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ваенная дактрына Беларусі мае выключна абарончы характар: "Мной не раз адзначалася, што з нашага боку ніколі не будзе зыходзіць пагроза суседзям".

Пра балбатню на тэму ваеннай базы

Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і аб тым, што Беларусь знаходзіцца ў ваенным саюзе з Расіяй, у якой адносіны з Захадам цяпер не самыя лепшыя. "Тым не менш на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу няма ніякіх баз іншых дзяржаў", - заўважыў ён.

Паводле яго слоў, вельмі часта абмяркоўваецца праблема расійскай базы на тэрыторыі Беларусі. "Надуманая праблема. Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расіяй. Будзе тут база ваенная, не будзе - розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэту базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам або некаму паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбна. Мы самі па нашай задуме, ваенным абарончым плане з Расійскай Федэрацыяй забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзены", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка не бачыць неабходнасці ў стварэнні ваенных баз іншых дзяржаў на тэрыторыі БеларусіЛукашэнка не бачыць неабходнасці ў стварэнні ваенных баз іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі
Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і аб тым, што Беларусь знаходзіцца ў ваенным саюзе з Расіяй, у якой адносіны з Захадам цяпер не самыя лепшыя. "Тым не менш на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу няма ніякіх баз іншых дзяржаў", - заўважыў беларускі лідар.

"Больш таго, нашы ваенныя могуць эфектыўна процістаяць, калі трэба, любой агрэсіі і канфлікту на тэрыторыі Беларусі. Таму што мы на сваёй зямлі. Мы можам выканаць тыя функцыі, якія на нас ускладзены дагаворам з Расіяй. Калі б мы гэта не маглі зрабіць, паверце, мы звярнуліся б самі да Расіі, каб яны забяспечылі нам бяспеку. Пакуль такой неабходнасці ў нас няма", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Узброеныя Сілы Беларусі, якія ўжо чатыры разы рэфармаваліся, могуць гарантаваць бяспеку краіны і выканаць свае функцыі лепш, чым любая іншая дзяржава, у тым ліку Расія. "Па сваёй падрыхтаванасці, мэтанакіраванасці, па сваёй эфектыўнасці. Я гавару гэта адкрыта. Таму нам не патрэбны ніякія базы. Калі яны патрэбны будуць, мы аб гэтым скажам сумленна", - адзначыў Прэзідэнт.

Адначасова ён падкрэсліў, што калі НАТА будзе прадаўжаць "запалохваць", размяшчаючы базы ў Польшчы, або яшчэ нейкім чынам, то Беларусі будзе патрэбна больш эфектыўная зброя, перш за ўсё ракетная. "Хоць апошнім часам (вы назіраеце, мы таксама не ўтойваем) мы стварылі сваю ракетную прамысловасць і вырабілі сваё высокадакладнае ракетнае ўзбраенне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Таму на сённяшні дзень я нават не бачу якой-небудзь неабходнасці ў прыцягненні іншай дзяржавы на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Расіі, для выканання нашых функцый. Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння, тым больш базы ваенна-паветраных сіл. Час падлёту любога самалёта з тэрыторыі Расіі, калі ў гэтым будзе неабходнасць, 3-5 хвілін. Навошта тады тут база, навошта падстаўляцца пад удар магчымага агрэсара, выстаўляючы ваенна-паветраную базу на перадавую", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што размовы, якія вядуцца аб ваеннай базе Расіі, не больш чым балбатня. "Гэта проста нейкі піяр непатрэбны. З практычнага пункту гледжання ў гэтым няма ніякай неабходнасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба будзе, мы аб гэтым скажам адкрыта. Але мы не хочам ініцыіраваць ніякіх крокаў, каб вы падумалі, што беларусы нейкія ненармальныя: гавораць адно, робяць другое і рыхтуюцца да вайны. Мы не хочам гэтага".

"Але абараняцца, калі трэба, мы будзем не так, як у былыя часы. Вы ведаеце, што мы страцілі ў апошняй вайне кожнага трэцяга. Дарэчы, ваявалі разам з вамі супраць фашызму", - дадаў беларускі лідар.

Пра бяспеку ў рэгіёне

"Разумеючы, што наша бяспека залежыць непасрэдна ад сітуацыі вакол нас, мы прыкладаем намаганні, каб стабілізаваць рэгіянальную абстаноўку, а не разварушваць яе, не напружваць. У цяперашніх умовах любыя дзеянні, якія парушаюць няўстойлівы статус-кво ў рэгіёне, могуць прывесці да чарговага вітка эскалацыі, які абавязкова закране і нашу краіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь, з'яўляючыся еўрапейскай дзяржавай, зацікаўлена ў моцнай і адзінай Еўропе, моцным трансатлантычным партнёрстве: "Гэта асноўная апора нашай планеты, і не дай бог яе разбурыць. Мы ўпэўнены, што ад з'яднанасці краін у рэгіёне і захавання ваенна-палітычнай ролі ЗША ў еўрапейскіх справах залежыць бяспека ўсяго кантынента. І тут мы не перабольшваем. Без Амерыкі мы тут, на жаль, не вырашым ніводнае пытанне, у тым ліку ўкраінскі канфлікт", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь выступае за моцную і адзіную ЕўропуБеларусь выступае за моцную і адзіную Еўропу
"Мы ўпэўнены, што ад з'яднанасці краін у рэгіёне і захавання ваенна-палітычнай ролі ЗША ў еўрапейскіх справах залежыць бяспека ўсяго кантынента", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў удзельнікам сустрэчы гаварыць адкрыта, задаваць адзін аднаму нават самыя смелыя і нечаканыя пытанні: "Спадзяюся, што гэта размова дапаможа, перш за ўсё вам, зразумець наша бачанне той складанай ваенна-палітычнай сітуацыі, якая склалася тут - у цэнтры Еўропы. Разлічваю, што вашы каментарыі дадуць нам магчымасць разабрацца ў падыходах заходняга свету, перш за ўсё ЗША і Паўночнаатлантычнага альянсу, да нашай краіны і рэгіёна ў цэлым".

"Калі па выніках сустрэчы мы хоць крыху наблізімся да лепшага разумення адзін аднаго, можна будзе смела сказаць, што мы з вамі выканалі сваю місію", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Як паведамлялася БЕЛТА, прадстаўнікі аналітычных цэнтраў ЗША наведваюць Беларусь 5-6 лістапада. У склад дэлегацыі ўваходзяць эксперт Цэнтра па аналізе еўрапейскай палітыкі Бен Ходжэс, старшы дырэктар Цэнтра дыпламатыі і глабальных адносін імя Дж.Байдэна Майкл Карпентэр, эксперт аналітычнага цэнтра "Карпарацыя РЭНД" Брус Макклінтак, прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду Глен Ховард і старшы навуковы супрацоўнік гэтага фонду Уладзімір Сокар. Праграма візіту таксама ўключае сустрэчу аналітыкаў у Міністэрстве абароны, наведванне Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Парка высокіх тэхналогій, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні з амерыканскімі аналітыкамі сустрэўся міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі