Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 снежня 2019, 13:19

"Не рыбу, а вуду ў рукі" - у Беларусі будуць мяняць характар падтрымкі сацыяльна слабаабароненых слаёў насельніцтва

5 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. У Беларусі паступова будуць мяняць характар падтрымкі сацыяльна слабаабароненых слаёў насельніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У свой час мы абвясцілі Беларусь сацыяльнай дзяржавай. Падтрымка сацыяльна слабаабароненых катэгорый ёсць і будзе адным з вектараў нашай палітыкі. Аднак узровень развіцця нашага грамадства і грамадзянскай адказнасці беларусаў дазваляе мяняць характар такой падтрымкі. Паступова пераходзіць ад патэрналісцкай мадэлі да падтрымліваючай, калі дзяржава не проста бярэ на сябе вырашэнне ўсіх праблем чалавека, а стварае такія ўмовы, каб чалавек самастойна мог вырашаць свае праблемы. Гэта значыць, не рыбу, а вуду ў рукі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, для такога пераходу ў краіне створана даволі эфектыўная прававая база. "Захоўваючы лепшае, што напрацавана і праверана вопытам, парламенту трэба будзе дапаўняць, удасканальваць прававыя нормы з улікам сучасных патрабаванняў, дасягненняў і перадавога міжнароднага вопыту", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тэму дэмаграфічнай бяспекі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. У гэтай сферы, дадаў ён, у краіне сёння пажынаюць плады спаду нараджальнасці 1990-х гадоў, паколькі менавіта гэта нешматлікае пакаленне становіцца бацькамі.

"Яшчэ адно вострае пытанне - пагроза страты нашых традыцыйных каштоўнасцей. Ва ўмовах свету, які імкліва развіваецца, у маладога пакалення на першы план выходзяць пытанні асобаснай самарэалізацыі на шкоду імкненню стварыць сям'ю і прадоўжыць род. Сям'я павінна стаць арыенцірам усёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Што мы ні рабілі б - будавалі жыллё, добраўпарадкоўвалі нашы гарады, развівалі адукацыю, медыцыну, спорт, у якасці галоўнага спажыўца даброт і паслуг мы павінны бачыць дзяцей, сям'ю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб дзіўнай метамарфозе. Паводле яго слоў, у савецкія гады дзецям даводзілася працаваць, у адваротным выпадку іх прымушалі бацькі, цяпер жа ўсё адбываецца наадварот. "Нашы маладыя бацькі нага за нагу, на канапу, тыкаюць у планшэты, часам глядзяць тэлевізар. Адкрываючы спартыўныя аб'екты пры школах, я прашу, каб дзеці цягнулі лянівых бацькоў на гэтыя спартыўныя аб'екты. І гэта не толькі знешняе патрабаванне, у гэтым вялікі сэнс: людзі хварэць менш будуць, менш у аптэкі будуць хадзіць і стаяць у чарзе, патрабуючы, каб лякарствы былі таннейшыя. На жаль, вось гэтак пераварочваецца свет нават у дробязях", - са шкадаваннем канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Толькі прыняўшы пералічаныя меры, упэўнены ён, можна захаваць беларускую самаідэнтычнасць і нацыю. "Законы, а таксама дзейнасць і асабісты прыклад людзей, якія сёння з'яўляюцца лідарамі меркаванняў, - прадстаўнікі ўлады, навуковай і творчай інтэлігенцыі - павінны працаваць на вырашэнне ўсіх жыццёва важных пытанняў. Мы павінны весці за сабой грамадства па ўсіх напрамках: ад спорту да эканомікі", - заявіў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі