Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 красавіка 2019, 11:38

Кадравыя рашэнні Прэзідэнта

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў на пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыняў гэта кадравае рашэнне з улікам вопыту работы Анатоля Хацько ў сферы сельскай гаспадаркі і яго выдатных прафесійных ведаў у галіне жывёлагадоўлі. "Уся ваша біяграфія звязана з работай з жывёламі. Вы і адукацыю атрымалі ў гэтай сферы, і, як мне дакладваюць, на апошнім месцы работы ў вас нядрэнна справы ішлі. Таму, улічваючы ваш вопыт і тыя праблемы, якія ў нас ёсць у сельскай гаспадарцы, мною прынята рашэнне аб накіраванні вас кіраваць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў праблемныя пытанні, якія трэба будзе вырашаць новаму міністру. "Вы не горш за мяне ведаеце, што ў раслінаводстве крыху прасцей, і мы хоць неяк працуем адносна таго, як гэта патрабуецца, - сказаў Прэзідэнт. - Што датычыцца жывёлагадоўлі, то гэта фінішная вытворчасць нашай сыравіны ў сельскай гаспадарцы (малака, мяса і гэтак далей), тут у нас праблем хапае. А калі жывёлагадоўля не ў парадку, то тады і раслінаводства не патрэбна". Кіраўнік дзяржавы арыентаваў новага кіраўніка міністэрства на эфектыўную работу па развіцці ў першую чаргу жывёлагадоўлі.

Анатоль Хацько нарадзіўся ў 1974 годзе ў в. Буда-Грэская Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2006-м - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У 1997-1999 гадах працаваў галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі калгаса "Крыніца" Капыльскага раёна Мінскай вобласці. З 1999 па 2001 год - галоўны заатэхнік калгаса "Новы быт" Мінскага раёна Мінскай вобласці, з 2001 па 2004 год - галоўны заатэхнік, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Барысаўскага райвыканкама Мінскай вобласці. У 2005-2006 гадах з'яўляўся галоўным заатэхнікам "Белплемжыўаб'яднання". У 2006-2007 гадах працаваў на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара ААТ "Мінскаблхлебпрадукт", а ў 2007-2015 гадах - генеральным дырэктарам гэтага акцыянернага таварыства. З 2015 па 2016 год быў намеснікам генеральнага дырэктара Беларускага дзяржаўнага аб'яднання па племянной жывёлагадоўлі "Белплемжыўаб'яднанне", а з 2016 года - генеральным дырэктарам гэтага аб'яднання.

Аляксандр Ціток да гэтага часу працаваў начальнікам Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Раней, да пераходу ў структурную арганізацыю МНС, ён быў старшынёй Хойніцкага райвыканкама, працаваў таксама на кіруючых пасадах у Мазырскім райвыканкаме.

Прэзідэнт, звяртаючыся да Аляксандра Цітка, звярнуў увагу на яго вопыт работы: "Мне імпануе, што вы працавалі старшынёй райвыканкама. У вас ёсць вопыт ліквідацыі наступстваў пасля Чарнобыля, займаліся гэтымі пытаннямі ў маштабах рэспублікі ў апошнія гады. Ведаеце сітуацыю, абстаноўку, ведаеце сістэму кіравання на высокім узроўні. Спадзяюся, працуючы ў такой ваеннай, можна сказаць, арганізацыі (у структуры МНС. - Заўвага БЕЛТА), набылі вопыт у плане дысцыпліны і парадку - у тым, чаго нам не хапае ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці ў Шклоўскім раёне".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Шклоўскі раён - адзін з вядучых не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і краіне ў цэлым. "Гэта ў нейкай ступені эксперыментальная пляцоўка для развіцця сельскай гаспадаркі ў будучым. Такім і застанецца Шклоўскі раён. Там у плане арганізацыі раёна зроблена, на мой погляд, усё. Можа, паўкроку трэба будзе зрабіць, калі ў гэтым будзе неабходнасць, у плане аптымізацыі, арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў маштабах раёна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, адной з ключавых праблем у Магілёўскай вобласці і Шклоўскім раёне застаецца адсутнасць дысцыпліны. "Не хачу сказаць, што там кадры горшыя, чым дзе-небудзь, ні ў якім выпадку, там разумныя людзі, але адказнасці, дысцыпліны не хапала заўсёды. Таму там патрэбны чалавек акуратны, з халоднай галавой, але гарачым сэрцам і, самае галоўнае, чыстымі рукамі", - адзначыў Прэзідэнт.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы перасцярог новага кіраўніка раёна ад прыняцця паспешных рашэнняў. "Перш чым нешта рабіць, трэба шмат разоў падумаць - прынцып любога кіраўніка. Я хачу, каб вы разабраліся ў кадрах Шклоўскага раёна і не спяшаючыся, калі гэта неабходна, прынялі адпаведныя рашэнні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт на недапушчальнасці спроб ашуканства ў рабоце кіраўнікоў любога ўзроўню: "Мне неабавязкова кудысьці ехаць, каб ведаць, што адбываецца ў той ці іншай гаспадарцы, на тым ці іншым заводзе. Мне дастаткова прааналізаваць табліцу паказчыкаў. Я ўсё гэта ў жыцці праходзіў, і вы як кіраўнік раёна, а цяпер - больш высокага ўзроўню, цудоўна гэта разумееце".

"Я не буду вас павучаць. Вы ўсе людзі вопытныя, ведаеце, куды ідзяце, што гэта вельмі адказная і вельмі цікавая работа, але на гэтай рабоце трэба вельмі шмат працаваць, іншага не дадзена. Проста рукамі вадзіць - не той час. Гэта ў Савецкім Саюзе, калі працавала махіна, сістэма, можна было паўдня пад кустом паляжаць, пакуль цябе райкам партыі не дастаў. А сёння - не. Трэба бегаць, імкнуцца выдаць вынік, без яго толку не будзе", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да новых кіраўніка Шклоўскага раёна і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

Раней як вынік кадравых рашэнняў, прынятых пасля рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскую вобласць, выкананне абавязкаў старшыні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта было ўскладзена на памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў указ аб адстаўцы Генадзя Лаўранкова, які працаваў на гэтай пасадзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі