ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 11 мая 2021
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 сакавіка 2021, 12:44

Лукашэнка: зямельныя адносіны павінны заставацца пад строгім кантролем дзяржавы

Фота з архіва
Фота з архіва

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зямельныя адносіны павінны заставацца пад строгім кантролем дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пытанні распараджэння зямлёй Аляксандр Лукашэнка ў час нарады звярнуў асобную ўвагу. Паводле яго слоў, гэта тая сфера, дзе размываць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы не трэба.

"Тут маё жалезнае патрабаванне: на землі сельгаспрызначэння або ляснога фонду прэтэндаваць можна толькі па асобным рашэнні Прэзідэнта. Тым больш, як мне дакладваюць, у рэгіёнах ёсць тысячы ўчасткаў, якія не запатрабаваны. А маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў наогул могуць атрымліваць іх бясплатна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна ім быў падпісаны ўказ аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі. Цяпер пустуючыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, змогуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да адной базавай велічыні.

"Але пад Мінскам і абласнымі цэнтрамі, паблізу вадаёмаў і запаведных мясцін зямля застанецца пад строгім кантролем. Вы ведаеце чаму: гэта агульны здабытак, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы не можам ператварыцца, як у суседняй краіне: глядзіш на возера каля буйнога горада - простаму чалавеку туды не падысці. Чаму? Таму што агароджу пабудавалі адразу ў ваду і арганізавалі прычалы для сваіх "пасудзін". Гэта нядобра. Мы гэтага пазбеглі".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо неяк спрабаваў перадаць паўнамоцтвы па размеркаванні зямельных рэсурсаў губернатарам. У выніку былі прыклады, калі самыя ўрадлівыя землі аддаваліся пад будаўніцтва складоў.

"Таму я ўжо нагледзеўся, у мяне быў вопыт перадачы гэтых паўнамоцтваў уніз. Гэта не таму, што губернатары дрэнныя. Проста такія рэчы павінны быць жалезна ў адных руках, - перакананы Прэзідэнт. - Бо ўсё роўна губернатар будзе ўносіць прапановы, і па вертыкалі праз урад да Прэзідэнта мы вывучым гэтыя пытанні і прымем рашэнні".

"Словам, зямельныя, лясныя пытанні перадаваць каму-небудзь забараняецца. Гэта забароненая тэма. Бываюць выключэнні, але тады прыйдзіце, дакажыце Прэзідэнту - ён прыме рашэнне. Думаю, нашы дзеці і ўнукі дзякуй за гэта скажуць. І будучы Прэзідэнт, які будзе кіраваць краінай, таксама падзякуе ўсім нам за тое, што мы пакінулі такія пытанні і паўнамоцтвы ў Прэзідэнта", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не супраць разгледзець прапановы па асучасніванні дзеючай практыкі, спрашчэнні адміністравання за кошт укаранення лічбавых тэхналогій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі