Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 верасня 2018, 16:19

Лукашэнка запатрабаваў ужо да пачатку 2019 года кардынальна вырашыць праблемы ў ахове здароўя

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва сістэмы аховы здароўя ўжо да пачатку наступнага года кардынальна вырашыць усе выяўленыя праблемныя пытанні ў гэтай сферы. Аб гэтым стала вядома сёння па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, паведамляе БЕЛТА.

Як было адзначана, неабходнасць такой размовы на ўзроўні Прэзідэнта наспела даўно, паколькі праблемы збіраліся. Аднак на фоне гучных дасягненняў і поспехаў у айчыннай медыцыне своечасова не былі заўважаны хібы і недахопы ў рабоце галіны, якія месцамі перараслі ў сістэмныя правапарушэнні.

"Напэўна, вось гэтыя поспехі і пахвала з боку міжнародных арганізацый, СААЗ вам закружылі галаву. Падумаеш, дробязь нейкая... Людзі скардзяцца, чэргі ў паліклініках, хамства з боку ўрачоў павальнае. Адкрыйце любы СМІ, у інтэрнэце паглядзіце, сацыяльныя сеткі - вы там убачыце сваю работу", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"Пры ўсіх сацыялагічных апытаннях, якое ні праводзіш, як мінімум у пяцёрку негатыву вы заўсёды трапляеце. Скардзяцца на абыякавасць, дрэннае стаўленне, асабліва там, дзе людзі лечацца, - на месцах, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Хірургія, гінекалогія, тэрапія, кардыялогія... Знаходзяцца на лячэнні звычайныя людзі. Паглядзіце на іх, як яны рэагуюць на вашу работу, - там праблем вельмі шмат".

Прэзідэнт перад кіраўніцтвам галіны і кантралюючых органаў паставіў пытанне, чаму сталі магчымы выяўленыя факты, у тым ліку карупцыйнага плана. "Чаму гэта стала магчыма? Вы растлумачце, каб людзі вас сёння пачулі і зразумелі прычыну. Так, нямала, - сотня пакуль трапіла пад следства. Але ж працуюць (у сістэме аховы здароўя. - Заўвага БЕЛТА) 270 тыс. І пляма на іх усіх лягла. У чым вінаватыя тыя людзі, якія сумленна выконваюць свой абавязак? У чым вінаватыя яны перад вамі, перад тымі чынушамі, якія бралі хабары ў Міністэрстве аховы здароўя, перад кіраўнікамі арганізацый, прытым з вялікімі імёнамі? Сотня тысяч долараў у тайніках, гаражах. Як гэта магло адбыцца, чаму так здарылася? Я ж, назначаючы вас, звярнуў на гэта вашу ўвагу", - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі. Аналагічнага плана пытанні ён адрасаваў і першаму намесніку міністра Дзмітрыю Піневічу.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у час наведвання адной з бальніц ён папярэджваў міністра і тады яшчэ віцэ-прэм'ера Васіля Жарко, каб яны ўважліва вывучылі сітуацыю ў сферы цэнаўтварэння. "Вы мне далажылі бойка потым, што ўсё ў нас у парадку. А аказваецца - не. Я ж вас папярэджваў, што вы адказваеце за сістэму. Ківаць няма на каго, - падкрэсліў беларускі лідар. - Вы куды глядзелі? Там жа затрыманы непасрэдна вашы падначаленыя. Вы мне вось сумленна скажыце, вы здольныя кіраваць міністэрствам? Бо калі вы не здольныя, далей будзе горш".

"Апраўдвацца тут няма чым. Сорамна, зразумела, у першую чаргу гэта нядобрасумленнасць асобных кіраўнікоў. І, вядома, цяжка растлумачыць паводзіны асобных нашых кіраўнікоў. Але разам з тым сістэму мы ў цэлым плануем мяняць. Празрыстасць закупак павінна быць першапачаткова", - сказаў міністр.

Валерый Малашка далажыў аб прапануемых і плануемых мерах па навядзенні парадку ў галіне, планах па павышэнні якасці медабслугоўвання насельніцтва на розных узроўнях, забеспячэнні неабходнага асартыменту і прымальных цэн на лекавыя сродкі, гарантаванні празрыстасці правядзення тэндараў, змяненнях у рабоце з кадрамі.

У цэлым міністр запэўніў, што зробіць усё для таго, каб выправіць недахопы і каб сістэма аховы здароўя працавала стабільна.

Для цяперашняга складу кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя вызначаны час - да пачатку наступнага года кардынальна выправіць сітуацыю ў галіне, выкараніць карупцыйныя з'явы, а таксама тое, што дае аснову для іх. Важныя і пытанні павышэння іміджу ведамства. Прэзідэнт анансаваў на пачатак года вялікую нараду па тэме аховы здароўя, дзе комплексна будуць разгледжаны стан і перспектывы галіны.

Аляксандр Лукашэнка асабліва папярэдзіў цяперашніх кіраўнікоў аб недапушчальнасці ўцягнення і датычнасці да проціпраўных дзеянняў, за што будуць прыняты самыя жорсткія меры. "Не дай бог мне даложаць хоць самую малую зачэпку па персаналіях, па кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя, я буду настойваць на тым, каб памножылі на тры. Мінімум атрымаеце каэфіцыент тры. Калі дзесьці паблажка да каго-небудзь будзе, то вам будзе павелічэнне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі