Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 жніўня 2020, 14:49

Лукашэнка заклікае не спадзявацца на інвестыцыі звонку і ствараць вытворчасці ў рэгіёнах

4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае не спадзявацца на інвестыцыі звонку і ствараць вытворчасці ў рэгіёнах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Самая моцная і бяспечная крыніца росту эканомікі - гэта інвестыцыі. Шмат сёння гавораць, у тым ліку нашы "альтэрнатыўшчыкі", што да нас хлынуць інвестары звонку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, ёсць меркаванні, што калі пасля выбараў аддаць інвестарам прадпрыемствы, то Беларусь ператворыцца ў райскі куток".

Прэзідэнт заклікаў паглядзець на гэта з рэальных пазіцый. "Валавы ўнутраны прадукт ЗША ў другім квартале бягучага года, нягледзячы на вялікія пакеты стымулаў (а там мільярды ўкідвалі ў эканоміку), знізіўся на 33 працэнты. Гэта значыць вядучая эканоміка абвалілася на трэць, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - ВУП Германіі скараціўся на 12 працэнтаў і па сваім памеры вярнуўся на ўзровень 2011 года. Гэта значыць адляцеў на 10 гадоў. Іспанія вярнулася ў 2002 год (мінус 22 працэнты), а Італія адкінута наогул у пачатак 90-х гадоў (мінус 17 працэнтаў). Для параўнання: толькі нямецкі спад - гэта дзве гадавыя эканомікі Беларусі".

"Ну і куды, як вы думаеце, пойдуць у гэтых умовах амерыканскія, нямецкія і расійскія інвестыцыі? Куды пойдуць грошы? Вядома, на аднаўленне сваіх краін. Не будзьце наіўнымі - яны застануцца дома. Думаць, што яны прыбягуць у Беларусь і будуць нас падымаць - гэта глупства і фактычна шлях да самазнішчэння", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, не трэба ўводзіць народ у зман, калі ў свеце пануе эканамічны нацыяналізм. І самы яскравы прыклад гэтага - лозунг "Амерыка вышэй за ўсё".

"Мы і толькі мы самі зможам сябе выратаваць. Наш валавы прадукт у першым паўгоддзі скараціўся ўсяго на 1,7 працэнта. Радуе, што ў чэрвені эканоміка ўжо дабавіла, хоць на адну дзясятую, але дабавіла, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Пералом негатыўнай дынамікі намеціўся, трэба дабаўляць. І адбылося гэта таму, што мы, не закрыўшыся, выраблялі тавар. І калі людзі выйшлі (пасля зняцця абмежавальных мер. - Заўвага БЕЛТА), ім патрэбны тавар. А яго няма, эканомікі былі спынены. Людзі купілі беларускае - і не толькі ў нас у Беларусі".

З 2016 года ў Беларусі створана 300 тыс. новых працоўных месцаў. Нават ва ўмовах пандэміі не дапушчана масавага беспрацоўя. Колькасць вакансій стабільна перавышае попыт на іх.

"Калі 10-15 гадоў таму мы гаварылі аб інвестыцыях дзеля інвестыцый, каб стварыць працоўныя месцы, то сёння нам такія інвестыцыі не патрэбны. Будаваць будзем тыя вытворчасці, якія выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю, прыносяць прыбытак. Але працаваць яны будуць у роўных умовах з айчыннымі прадпрыемствамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што пры фарміраванні новай пяцігодкі трэба ўзяць добры прыклад з савецкага часу, а таксама вопыт Кітая, Японіі.

"Вы памятаеце, там заўсёды быў строгі план: дакладна распісаны інвестыцыйныя аб'екты, аб'ёмы фінансавання, іх крыніцы. І жалезабетонная дысцыпліна, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Толькі так мы можам вырашыць праблему раўнамернага развіцця рэгіёнаў і размеркавання прадукцыйных сіл. Для гэтага ў кожнай вобласці неабходна рэалізаваць па адным вялікім праекце. А ў Мінску - два". Яны павінны быць дэталёва падлічаны і забяспечаны крыніцамі фінансавання, у якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў праект у ААТ "Гродна Азот".

Плюс у кожным раёне трэба пабудаваць па адным-два невялікія, сярэднія аб'екты ў вытворчай сферы.

"Пры гэтым не ўсюды трэба будаваць з нуля, у чыстым полі. Практычна ва ўсіх раёнах краіны ёсць свабодныя вытворчыя пляцоўкі. Менавіта іх трэба задзейнічаць. На кожным аб'екце, як у Оршы або на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, трэба па-гаспадарску правесці інвентарызацыю, усё палічыць, акумуляваць інфармацыю ў аблвыканкамах і Мінскім гарвыканкаме, выпрацаваць канкрэтную праграму іх выкарыстання, - даручыў кіраўнік дзяржавы. - Перш за ўсё ў нашых сярэдніх гарадах, дзе жывуць больш за 80 тыс. чалавек. У нас такіх 11 гарадоў, і па кожным з іх прыняты канкрэтны план развіцця".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі