Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 студзеня 2022, 11:31

Лукашэнка: упершыню за чвэрць стагоддзя пагранічнікі аказаліся на вастрыі і не падвялі

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2021 годзе ўпершыню за чвэрць стагоддзя пагранічныя войскі аказаліся на вастрыі і не падвялі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння пры зацвярджэнні рашэння па ахове дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2022 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мінулы год для нашых пагранічных войскаў быў цяжкім. Сітуацыю мінулага года яшчэ давядзецца прааналізаваць вельмі сур'ёзна, з пункту гледжання і станоўчага, і адмоўнага, але мае адчуванні (яны мяне рэдка падманваюць), што ўпершыню за чвэрць стагоддзя пагранічныя войскі былі на вастрыі і ўпершыню, шчыра скажу, былі правераны на сапраўднай мужчынскай рабоце і не падвялі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць беларускім пагранічнікам, адзначыўшы, што яны круглыя суткі знаходзяцца на баявым пасту і гатовы да аператыўнага рэагавання на ўзнікаючыя пагрозы. "Ім не трэба аб'яўляць трывогу - яны працуюць, як па трывозе. Заўсёды працавалі, таму што мы не ведаем, што ў кожную мінуту, гадзіну здарыцца на граніцы. Таму нашы пагранічнікі ў поўнай баявой гатоўнасці. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. Малайцы. Пры ўсіх складанасцях, якія наваліліся на іх у мінулым годзе, яны з гэтымі праблемамі справіліся", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце, на рубяжах Беларусі захаваліся рызыкі і выклікі пагранічнай бяспецы. Яны звязаны з незаконнай міграцыяй, спробамі пранікнення ў краіну радыкальна настроеных асоб, мілітарызацыяй сумежных дзяржаў. Так, са жніўня мінулага года ў непасрэднай блізкасці ад беларускіх граніц сканцэнтравана групоўка сілавых ведамстваў краін ЕС і Украіны агульнай колькасцю каля 32 тыс. чалавек. Уздоўж граніцы прадаўжаецца ўзвядзенне стацыянарных інжынерных загарод, актыўна прымяняецца авіяцыя, вядзецца разведка.

"У 2021 годзе колькасць затрыманых парушальнікаў граніцы павялічылася на 23 працэнты. 65 асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, не змаглі прадоўжыць запланаваны маршрут у Беларусь", - расказалі ў пагранічным ведамстве.

Органы пагранічнай службы прадаўжаюць работу па ўдасканаленні інфраструктуры граніцы і прыгранічнай тэрыторыі. На прыбалтыйскім напрамку ўзведзены дзясяткі кіламетраў новых рубяжоў аховы з пагранічнымі дарогамі, пастамі і кантрольна-следавой паласой. На беларуска-польскім участку заменена і мадэрнізавана частка сігналізацыйных комплексаў. Найбольшы аб'ём работ праведзены на ўкраінскім напрамку. Тут устаноўлены пасты тэхнічнага нагляду для дыстанцыйнага кантролю мясцовасці, уведзены ў эксплуатацыю сігналізацыйныя комплексы, абсталяваны новыя рубяжы аховы.-0-

Фота ДПК

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі