Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 сакавіка 2019, 14:38

Лукашэнка: у Беларусі вельмі шмат зроблена, каб чалавек мог зарабляць для сябе і сям'і

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вельмі шмат зроблена, каб чалавек мог зарабляць для сябе і сям'і. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Мы вельмі шмат зрабілі, каб чалавек мог варушыцца, зарабляць для сябе і сваёй сям'і, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы стварылі ўсе ўмовы, пачынаючы ад дробнага прадпрымальніцтва да ІТ".

У прыватнасці, у сферы прадпрымальніцтва, стварэння новых прадпрыемстваў, асабліва ў вёсцы, створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы. "Цяжка знайсці такую краіну, якая прадаставіла б столькі свабод для прадпрымальніцтва, - заўважыў Прэзідэнт. - На працягу дня зарэгістраваўся і ідзі працуй. Яшчэ не было скаргаў наконт бюракратызму". Разам з тым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у беларуса павінна прачынацца прадпрымальніцкая жылка.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму развіцця Оршы і Аршанскага раёна. "Нас непакояць сёння не столькі Мінск і абласныя цэнтры па занятасці, працаўладкаванні, нават па даходах насельніцтва... А вось гэтыя гарады, буйныя, прыкладна з колькасцю 100 тыс. чалавек, дзе назбіраліся праблемы. Гэта велізарная колькасць насельніцтва, ім трэба дапамагаць. Таму было вырашана стварыць такі праект на прыкладзе Оршы - тыповага сярэдняга горада, - сказаў Прэзідэнт. - Выйшлі на адзіны ўзор, мы яго цяпер апрабоўваем у Оршы. Пачалася работа ў Барысаве. У Баранавічах, Маладзечне і г.д. пэўныя праблемы, няхай не такія, але існуюць. Мы хочам апрабаваць той шлях, па якім пойдуць такія гарады".

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт скарачэння будаўніцтва жылля ў Мінску і развіцця гарадоў-спадарожнікаў. "У гэтым і наступным годзе мы больш увагі гэтаму ўдзелім", - сказаў ён, дадаўшы, што такія рашэнні ў адзін момант не прымаюцца і не рэалізоўваюцца за адзін год. "Многія ўжо заплацілі за кватэру, многія ведаюць, дзе тую кватэру будуць будаваць, ужо фундамент дома заклалі. Таму патрэбны час, каб выйсці з будаўнікамі з Мінска і не рабіць яго гумавым, а развіваць гарады-спадарожнікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма сямейнага капіталу нядаўна абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, узнялі яе і ў ходзе "Вялікай размовы". "Рамкі сямейнага капіталу будуць пашыраны. Жыллё, можа яшчэ якімі-небудзь пытаннямі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі цяпер сямейны капітал могуць выкарыстоўваць толькі на здароўе дзіцяці, адукацыю, то мы яго дамовіліся пашырыць, у бліжэйшы час гэтыя рашэнні будуць прыняты".

Напярэдадні "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" БЕЛТА прапанавала чытачам задаць пытанне Прэзідэнту. За 1,5 сутак акцыі "Ваша пытанне Прэзідэнту" паступіла ўвогуле больш за 2 тыс. пытанняў. У цэлым кола тэм шырокае - ад пытанняў сацыяльнай абароненасці, стварэння рабочых месцаў, набыцця жылля і мер па росце дабрабыту насельніцтва да знешняй палітыкі, інтэграцыйнай тэматыкі, пагранічнай бяспекі, процідзеяння карупцыі. У тым ліку выказваюцца асабістыя просьбы да кіраўніка дзяржавы дапамагчы ва ўрэгуляванні тых ці іншых праблем.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: усе пытанні, якія паступілі, прааналізуюць і абагульняць. Там, дзе трэба, рашэнне будзе прынята да штогадовага Паслання Прэзідэнта да народа і парламента. "Калі не прымем, то я прама скажу, калі гэта будзе зроблена", - сказаў ён.

Пытанні прысылалі людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, буйных і малых населеных пунктаў. Часцей за ўсё сустракаюцца тыя, у якіх грамадзяне не проста задаюць пытанне агульнага характару, але ўказваюць на канкрэтную жыццёвую сітуацыю або праблему, недапрацоўкі на месцах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі