Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 кастрычніка 2020, 19:08

Лукашэнка: у Беларусі была і будзе шматвектарная знешняя палітыка

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі была і будзе шматвектарная знешняя палітыка. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам МУС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы закрануў сітуацыю ў Беларусі і вакол яе. "Мы ж з вамі цудоўна разумеем, чаму стварылася гэта сітуацыя. Гэта ж не толькі таму, што аднекуль там пазванілі, нейкія Nexta і саплякі ўсякія. Мы з вамі вельмі супакоіліся, жывучы ў ціхай, спакойнай, чыстай краіне. Мы думалі, што так будзе і далей. Вы думалі. Скажу шчыра, я ніколі так не думаў. І я напярэдадні выбараў парламенцкіх вас папярэджваў: нам спакойна жыць не дадуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы бачыце нават цяпер. Камусьці не падабаецца наша шматвектарная палітыка. Нават цяпер мяне там падкрытыкоўваюць", - заўважыў беларускі лідар.

"Так, у нас была і будзе шматвектарная знешняя палітыка. Таму што немагчыма ці то жураўлю, ці то вераб'ю (як хочаце называйце) ляцець на адным крыле. Мы - геаграфічны цэнтр Еўропы. Куды нам дзявацца? Расія цудоўна павінна нас разумець. Таму што ў іх арол аж двухгаловы, а нам тады трэба чытырохгаловага парадзіць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь ніколі не адварочвалася ад Расіі і ніколі не адвернецца ад яе. "Гэта я гавару і цяпер кіраўніцтву Расіі. Калі ў нас будуць бачыць сапраўднага брата, малодшага брата, і будуць да нас ставіцца, як да малодшага брата, абараняючы, падтрымліваючы (так, як зрабіў Пуцін у гэты складаны час), мы ніколі не тое што не кінем камень у бок Усходу і Расіі... Нашай Расіі. Я не ведаю, як вы яе ўспрымаеце... Гэта мая Расія. Мы ніколі так не зробім", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў асаблівы характар адносін і агульнасць народаў Беларусі і Расіі. "Расія - гэта наша, рускія людзі - гэта наша. Мы абсалютна ад іх нічым не адрозніваемся. Так, гэта дзве краіны. Гэта дзве кватэры (адна велізарная, другая менш), дзе жывуць самастойна дзве сям'і, але бяруць пачатак з аднаго кораня. Вось уся палітыка. Мы будзем рабіць усё, што выгадна для нашага народа, не ствараючы нікому ніякіх праблем. Вось і ўся шматвектарнасць", - сказаў Прэзідэнт.

Наконт адносін Беларусі з краінамі Захаду або блока НАТА Прэзідэнт заявіў: "Калі нас нехта ў Расіі ў гэтым папракае, што мы з імі супрацоўнічаем, я задаю простае пытанне: "А што, Расія з НАТА не супрацоўнічае? А што, Расія са Злучанымі Штатамі не супрацоўнічае, з Еўрасаюзам?" Супрацоўнічае. Ва ўласных інтарэсах. Што, гэта не так? Гэта так. І мы з Прэзідэнтам Расіі, бачачы гэта, дакладна дамовіліся, што мы заўсёды будзем адзін аднаму надзейнымі сябрамі і апорай. Мы канстатавалі бясспрэчны факт, што сёння ў нас - у Расіі і Беларусі, у Пуціна і Лукашэнкі - іншых сяброў няма. Вы помніце, даўным-даўно я сказаў (хіхікалі СМІ Расіі), што настане час, калі мы з Прэзідэнтам Расіі плячо ў плячо будзем стаяць і адстрэльвацца. Усё адбылося".

"Што датычыцца Захаду... Слухайце, тэхналагічны Захад - вось ён у нас за агароджай. Але мы прадэманстравалі, што мы самастойная, самадастатковая нацыя, мы нікому не дазволім не тое што нам пальцам указваць, мы не дазволім нават скоса глядзець у наш бок. Мы гэта прадэманстравалі. На ўсіх узроўнях. Я ўжо нават (можа, не зусім правільна) рассакрэціў учора частку маёй размовы з дзяржсакратаром ЗША", - прадоўжыў беларускі лідар.

"Я ўсім гавару: нават калі мы застанёмся ў адзіночку, у акружэнні ўсіх ворагаў і непрыяцеляў, мы будзем змагацца за сваю зямлю да апошняга. Я хачу, каб гэта пачулі тыя, хто сёння спрабуе аналізаваць абстаноўку ў краіне", - падагульніў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі