Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 лістапада 2021, 10:55

Лукашэнка ўручыў узнагароды Роме Кагадоўскаму і медыкам, якія яго выратавалі

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды школьніку Раману Кагадоўскаму і медыцынскім работнікам, якія яго выратавалі, паведамляе БЕЛТА.

"Напэўна, гэта самая кранальная цырымонія ў Палацы Незалежнасці за ўсю гісторыю. Сёння Першы ўзнагародзіць Рому Кагадоўскага, які выратаваў браціка з пажару. У Палацы побач з сынам-героем і маці (якая правяла побач з ім больш за 100 дзён у бальніцы). Адзначаць і каманду ўрачоў, якія змагаліся за жыццё Ромы", - праінфармаваў Telegram-канал "Пул Першага" перад узнагароджваннем.

Да пачатку цырымоніі для яе ўдзельнікаў правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці.

Як паведамлялася БЕЛТА, Рома Кагадоўскі на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата Ваню і тут жа страціў прытомнасць. Акрамя апёкаў, на яго твары і руках былі парэзы ад разбітага шкла, праз якое яму давялося прайсці. 29 красавіка Рому на верталёце транспартавалі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска.

Сітуацыю з хлопчыкам, які пацярпеў у час пажару ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна, трымаў на кантролі асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

У кансіліумах па выпрацоўцы метадаў лячэння для Ромы прымалі ўдзел міністр аховы здароўя, лепшыя ўрачы розных профіляў рэспублікі. Некалькі кансіліумаў было праведзена з удзелам расійскіх калег.

У падтрымку юнага героя ў Беларусі была запушчана акцыя: людзі запісвалі відэа са словамі падтрымкі Раману і яго бацькам.

Раней кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, у адпаведнасці з якім Рома Кагадоўскі ўзнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць".

Дзяржаўнымі ўзнагародамі і Падзякамі Прэзідэнта адзначаны таксама заслугі работнікаў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска, якія былі задзейнічаны ў лячэнні Рамана ад апёкаў, атрыманых пры выратаванні брата.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны камбустыёлаг-хірург (загадчык) дзіцячага апёкавага аддзялення Ігар Зелянко і анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення Марына Маркевіч.

Падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву ўдастоены ўрач - анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (апёкавых хворых з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі) Ларыса Залатухіна і аперацыйная медыцынская сястра аперацыйнага аддзялення Валянціна Казарэзава.

Дэкан хірургічнага факультэта БелМАПА, галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць узнагароджваецца медалём Францыска Скарыны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі