Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2022, 17:29

Лукашэнка: прапанавалі ўжо сем напрамкаў экспарту збожжа з Украіны - ніхто нічога не вязе

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся на мусіруемую цяпер тэму сусветнага голаду і папрокаў у адрас Беларусі і Расіі наконт вывазу з Украіны збожжа. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць прадаўжэння практыкі арганізацыі розных сустрэч, дыялогавых пляцовак, у тым ліку на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, таму што ён глыбока інфармаваны па розных пытаннях: "Трэба сустракацца. І ў графік Прэзідэнта, як бы ні было цяжка, трэба вось гэтыя сустрэчы (уключаць. - Заўвага БЕЛТА). Гэта сігналы, імпульсы і іншае".

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаўся на вострую цяпер тэму вывазу збожжа з Украіны: "Чулі праблему вывазу збожжа. І ўсе гавораць: голад і іншае, вось гэта галоўнае. Не гэта галоўнае. Народу ў свеце надакучыў вось гэты супраць Расіі ашалелы накат. Ён адваротны эфект ужо мае. Трэба пажаваць нешта новае - далі збожжа (тэму збожжа. - Заўвага БЕЛТА). Хто вінаваты? Лукашэнка з Пуціным, аказваецца. Слухайце, я ашалеў, калі гэта пачуў. Я вінаваты, што Украіна збожжа не можа вывезці?"

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на самай справе амерыканцы, мусіруючы гэту тэму, спрабуюць настроіць шэраг краін супраць Расіі і заадно Беларусі. "Амерыканцы не змаглі ўвесь свет арганізаваць і кінуць супраць Расіі і Беларусі. Асабліва ўпіраюцца ў Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, Азіі. Ну, не змаглі. Трэба нешта такое, каб зайшло гэтым людзям, і вось яны ўзнялі тэму голаду. А ён жа да пандэміі ўжо добра акрэсліўся, пандэмія ўзмацніла. А хто вінаваты ў голадзе? Чытай - у Афрыцы голад, у Азіі і Лацінскай Амерыцы (гэта бяднейшыя краіны). Расія вінаватая, гэтыя два "агрэсары" - адзін і другі (тое, як гэта спрабуюць данесці на Захадзе. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў Прэзідэнт. - Яны хочуць праз гэты сусветны голад арганізаваць астатнія краіны, падцягнуць да сябе, каб бамбіць тут Расію, заадно і нас. Ім можна было б гэты фронт пашырыць вы ведаеце, за кошт каго, і Блізкі Усход прыхапіць".

"У гэтым галоўная прычына, а не ў голадзе, - як падцягнуць да гэтага калектыўнага Захаду вось гэтыя вось краіны, - лічыць беларускі лідар. - Егіпет, ён адзін з галоўных імпарцёраў, гэта значыць увозіць вялікімі аб'ёмамі. Вось цяпер егіпецкі народ, кіраўнік Егіпта таксама апалчыцца супраць Расіі. Яны галадаюць, а збожжа вунь прападае ва Украіне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва Украіне "гэтага збожжа столькі няма, колькі яны гавораць". "У нас ёсць дакладны аналіз і даныя па гэтым збожжы. Але мы з Пуціным дамовіліся, гэта была мая прапанова: "Чаго мы гэта слухаем і апраўдваемся, давай ім назавём маршруты". Ён нядаўна ў інтэрв'ю гаварыў і пра беларускі напрамак і іншае. Мы строга дамовіліся - калі ласка (па пытанні транспарціроўкі збожжа. - Заўвага БЕЛТА). Адзінае, я яму сказаў: "Слухай, Марыупаль вызвалілі, Бярдзянск вызвалілі, - добрыя парты на Азове". І гэта, я гавару, прапануй. І расіяне прапанавалі. Ужо сем напрамкаў экспарту збожжа - вывозьце. Прайшло больш за месяц - ніхто нічога не вязе".

"Я, напэўна, крыху больш інфармаваны ў гэтым плане. І я магу, адказваючы на пытанні канкрэтнай аўдыторыі, нешта ў гэтым плане сказаць. Як бы ні было складана, я знайду для гэтага час", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі