Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка пра Год малой радзімы: гэта, хутчэй, трохгодка і толькі старт

Прэзідэнт 23.04.2018 | 10:43
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

23 красавіка, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Год малой радзімы, якім аб'яўлены 2018-й у Беларусі, з'яўляецца толькі стартам адпаведнай работы. Аб гэтым ён заявіў 21 красавіка ў размове з журналістамі ў час рэспубліканскага суботніка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта была мая ідэя (аб'явіць Год малой радзімы. - Заўвага БЕЛТА). Шмат было прапаноў. Думаў, трэба ўсё ж такі гэту тэму ўзняць. Гэта нават не год малой радзімы, а трохгодка, таму што за год мы наўрад ці нешта там пабудуем, створым. Адразу людзей не павернеш. Яны спачатку павінны прывыкнуць, усвядоміць, намеціць сабе нейкія планы, а недзе камусьці трэба і грошы зарабіць, каб у сваю малую радзіму ўкласціся", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"І тады я прапанаваў, давайце мы аб'явім гэты Годам малой радзімы і падумаем аб прадаўжэнні. Таму гэта толькі старт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца аграгарадкоў, мы вызначылі, дзе яны будуць. Мы дакладна ўсвядомілі, што павінна быць у аграгарадку. І многае зроблена, яшчэ не ўсё, але кожны аграгарадок мае свой план развіцця. Гэта ўжо горад у вёсцы. Невялікі, у вясковым стылі. Трэба, каб вёска была добраўпарадкаваная, і ў якой людзі будуць імкнуцца жыць больш, чым у горадзе. Вось мая задума", - падзяліўся беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад сваю малую радзіму - вёску, у якой вырас. Паводле яго слоў, яшчэ ў савецкі час яна лічылася неперспектыўнай. Але сёння сітуацыя змянілася. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым ёсць і яго роля, аднак не так ужо шмат і зроблена. "Нічога асаблівага - толькі заасфальтавалі дарогу (і павінна быць так), падведзены газ. Там ёсць старыя дамы. Іх нельга зносіць. Нам пацёмкінскія вёскі не патрэбны. Трэба, каб жылі людзі. Пайшоў з жыцця чалавек, засталіся дзеці. Хочуць пабудаваць на гэтым месцы новы дом - няхай будуюць", - сказаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, многія зрабілі рамонт, прыязджаюць у свае бацькоўскія дамы, прыязджаюць і дзеці, унукі гэтых людзей. "Вось так і пачала дыхаць гэта вёсачка. І свой домік я там у парадак прывёў...", - расказаў беларускі лідар.

"Таму я хачу, каб не толькі аграгарадок, але і вёска другога, трэцяга і вось гэтага чацвёртага ўзроўню - неперспектыўная - захавалася. Я разумею, што такія вёсачкі мы наўрад ці захаваем усе. Але ж ёсць шмат багатых ужо людзей, якім дарагая яго малая радзіма. І гэтым я хачу іх падштурхнуць да таго, каб яны пабудавалі сабе там дом, прыязджалі іх дзеці, унукі", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, каб, прывёўшы ў парадак аграгарадкі, не забывалі пра вялікія вёскі, якія былі некалі цэнтрамі калгасаў і саўгасаў. "Іх нельга загубіць. Там ёсць і клубы, магазіны, усё захавалася. Нельга ў адзін аграгарадок сабраць усіх людзей. Трэцяга ўзроўню - гэта вёсачкі на дарогах, дзе добрая лагістыка, сувязь. Яны не былі цэнтральнымі сядзібамі, але былі зручнымі для жыцця людзей. Яны павінны застацца і развівацца, калі на тое будзе воля людзей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Вось чатыры вясковыя ўзроўні. Я гэта вызначыў, зыходзячы з нашага жыцця: аграгарадок, былыя цэнтры гаспадарак, вялікія вёскі, якія былі ўчора і захаваліся сёння, і гэтыя неперспектыўныя вёсачкі. Пяты ўзровень - гэта хутары, і я іх ужо не называю, не запрашаю туды людзей. Але калі недзе магчыма і нехта захоча - няхай чалавек і хутары ўзнімае", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на пасёлкі гарадскога тыпу, накшталт Копысі, Арэхаўска, Ялізава, якіх у Беларусі некалькі дзясяткаў. "Іх ні ў якім разе нельга знішчыць. Гэта цудоўныя месцы, дзе сяліліся людзі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На прыкладзе Копысі мы аднавілі і паказалі, якім павінен быць пасёлак гарадскога тыпу. Далей ідуць раённыя цэнтры, абласныя цэнтры і горад-герой Мінск. Усё прапісана і расказана, як павінна быць уладкавана наша Беларусь. І ў гэтых адносінах мы ўжо шмат зрабілі. Мы прайшлі велізарны шлях".-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Работа ўстаноў аховы здароўя ў выхадныя і святочныя дні ў маі У час святочных мерапрыемстваў будуць дзяжурыць медыкі. Службы хуткай медыцынскай дапамогі будуць пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці.