Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 кастрычніка 2020, 14:33

Лукашэнка пра COVID-19: сітуацыя ў Беларусі кантралюемая

23 кастрычніка, Слуцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы сёння ў Слуцкім раёне на пытанні журналістаў, заявіў, што сітуацыя з захваральнасцю на COVID-19 у Беларусі кантралюемая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне ёсць неабходны вопыт, медыкаменты, выбудавана рознаўзроўневая сістэма лячэння. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб важнасці падтрымання здаровага ладу жыцця, што ў выпадку захворвання на каранавірус садзейнічае больш лёгкаму або наогул бессімптомнаму праходжанню хваробы. Разам з тым ён заклікаў паберагчыся, асабліва тых, хто ўваходзіць у групы рызыкі, прымаючы неабходныя меры засцярогі ў грамадскіх месцах.

"Пакуль у нас сітуацыя кантралюемая абсалютна, - заявіў беларускі лідар. - Лякарстваў дастаткова, сістэму мы стварылі. Мы не цягнем усіх у бальніцы. Калі ўжо чалавек цяжкі, калі мы бачым у яго прагрэс па хваробе сур'ёзны, вядома, мы яго ў бальніцу. Таму што раптам трэба на кісларод, на ШВЛ яго трымаць".

"Трэба нармальна жыць (займацца спортам, правільна харчавацца. - Заўвага БЕЛТА), пастаянна рыхтаваць сябе да любой хваробы. І калі бог будзе бачыць, што ты сам сябе стараешся падтрымліваць, абараняць, можа, і дапаможа", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што гэта важна супраць любой хваробы, а тым больш супраць віруса.

"Але ні ў якім разе нельга хавацца. Так, дзе шмат людзей, трэба карыстацца маскай - магазіны, метро, яшчэ дзесьці, - параіў Аляксандр Лукашэнка. - Там, дзе трэба, павінна быць маска. І часцей на паветры быць, а лепш - у лесе".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асабліва трэба берагчы людзей пажылога ўзросту. Грамадзян з гэтай катэгорыі, калі яны перанеслі хваробу, спецыяльна накіроўваюць на рэабілітацыю.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што спрашчацца нельга, і яго насцярожвае вельмі хуткі рост захваральнасці, хоць пакуль і менш цяжкіх выпадкаў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што тэсціраванне на каранавірус праводзіцца значна больш масава, чым вясной і ў пачатку лета, а таму і выяўляльнасць больш высокая.

"У Беларусі пакуль гэта сітуацыя кантралюемая. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я яшчэ думаю: калі б мы з гэтымі пратэстунамі па Мінску па вуліцах не цягаліся, была б зусім іншая сітуацыя. У нас Мінск дае палову захварэлых. А ў першую хвалю даваў 25-30 працэнтаў. Таму што больш за ўсё мы цягаемся па вуліцах менавіта ў Мінску. Але справімся", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб уласным вопыце, калі ён фактычна на нагах перанёс гэту хваробу ў перыяд перадвыбарнай кампаніі: "Што для мяне каштоўна - я зразумеў, што гэта за хвароба. Самае галоўнае, калі захварэеш, каб не было псіхозу. Я інтуітыўна гэта адчуў, яшчэ калі сам не хварэў".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што спачатку ў яго метады дзеяння ва ўмовах пандэміі ў Беларусі большасць насельніцтва не паверыла. "Я сумленна гэта прызнаю. Страшна было, але я разумеў, што ўся хвароба - у галаве. Фізічна мы перанясём раны, траўмы і іншае. Але калі ты пачынаеш паддавацца псіхозу - усё, - заўважыў Прэзідэнт. - Кавід стаў самай страшнай хваробай. Людзі ўжо забылі пра анкалогію і думалі пра гэты вірус. Гэта няправільна, я гэта адчуваў. Гэта мая інтуіцыя, вопыт. І спрабаваў вам гэта ў галаву ўкласці і дастукацца да вас. Вы мне не паверылі. Але цяпер жа вы пераканаліся, што я меў рацыю".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не проста так аднойчы сказаў аб тым, што каранавірус пройдзе, а "есці што будзем?" "Я проста хацеў, каб вы запомнілі. Я меў рацыю. Мая галоўная парада, яна і цяпер актуальная: ніякага псіхозу!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, хутчэй за ўсё, з гэтай хваробай давядзецца жыць, як і ў выпадку з грыпам. "Будзе вакцына - правакцынуем людзей", - падагульніў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі