Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 мая 2022, 13:58

Лукашэнка: пасля падзей ва Украіне мы змянілі падыходы да развіцця сваёй арміі

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля апошніх падзей ва Украіне ў Беларусі інакш паглядзелі на мадэрнізацыю сваіх Узброеных Сіл. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Міністэрстве абароны па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паглядзіце, мы з вамі, нядаўна сустракаючыся, да ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне, зусім інакш разважалі аб далейшым развіцці і мадэрнізацыі нашых Узброеных Сіл. Прайшло тры месяцы процістаяння Украіны і Расіі, гэтай ваеннай аперацыі, мы ўбачылі, што нам не трэба праводзіць такую мадэрнізацыю, як мы тады замахнуліся: вельмі дарагую і для нашай рэспублікі, для нашых умоў наогул непрымальную. Мы зразумелі, якая павінна быць у нас армія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы міністр абароны Віктар Хрэнін, у адпаведнасці з пастаўленай задачай і з улікам абстаноўкі, якая складваецца, ацэнкі вопыту ваенных дзеянняў ва Украіне ў ведамстве былі ўдакладнены падыходы да развіцця Узброеных Сіл. Гэта работа будзе весціся па некалькіх напрамках.

Яшчэ 10 мая на нарадзе па пытанні дзяржаўнага абароннага заказу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі атрымалі ўрокі ў частцы развіцця і аснашчэння сваіх войскаў, зыходзячы з вопыту правядзення ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне. "Ваенная аперацыя Расійскай Федэрацыі ва Украіне нас шмат чаму навучыла", - сказаў ён.

Прэзідэнт упэўнены, што зробленая амаль 10 гадоў таму стаўка на павышэнне мабільнасці Узброеных Сіл Беларусі сябе апраўдала. "Вельмі рухомыя павінны быць часці. І на гэтым трэба сканцэнтравацца. Вядома, і С-400 добра, і суперсучасныя самалёты, і іншае. Але, як бачылі зноў урок, вялікія высокатэхналагічныя сілы, будзе гэта ЗША або НАТА, валодаюць каласальным патэнцыялам, каб за 1-2 гадзіны знішчыць усякія аэрадромы і іншае. І куды вы будзеце саджаць свае самалёты? Больш таго, жывучасць гэтых самалётаў сёння ўсяго нічога. Таму куды ні кінь, усюды мабільнасць, мабільнасць і яшчэ раз мабільнасць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адным вынесеным з падзей ва Украіне ўрокам стала неабходнасць забеспячэння надзейнай сувязі. "Вельмі шмат пытанняў было да сродкаў сувязі. Але гэта наша тэма. І не дай бог нават ва ўмовах мірнага часу, на вучэннях або нечакана недзе будуць падняты нашы часці (у нас ёсць і сістэмы падаўлення сувязі), вы страціце сувязь паміж сваімі падраздзяленнямі. Таму паглядзіце на гэта. Без сувязі няма арміі. Не трэба ніякая зброя, нічога не трэба, калі няма сувязі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі