Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 лютага 2021, 16:13

Лукашэнка падзяліўся ўражаннямі ад УНС і даў наказ дэлегатам

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу і даў наказ дэлегатам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ён звярнуў увагу, што часам людзей хвалююць не столькі палітычныя пытанні, якія на слыху, а больш практычныя тэмы. "Акрамя палітычных надбудоўных пытанняў іх хвалюе базіс, эканоміка, іх жыццё. Гэта асаблівасць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, гэта стала сігналам для кіраўніцтва краіны, каб своечасова ўбачыць пытанні, якія найбольш хвалююць людзей, і аператыўна рэагаваць на іх: гэта рост цэн у магазінах і на паслугі ЖКГ, будаўніцтва жылля, працоўныя месцы, прыцягненне моладзі ў вёскі.

Удзельнікаў сходу ён заклікаў не перажываць наконт магчымай крытыкі з боку апанентаў. "Нас будуць крытыкаваць, яны ўжо гэта робяць. Ім застаецца гэта рабіць. Але вы асабліва не перажывайце. Мы фарміруем парадак нашага жыцця, парадак дня. Ім (апанентам. - Заўвага БЕЛТА) даводзіцца плесціся ў хвасце. Няхай аналізуюць, крытыкуюць, толькі па справе пажадана б. І не хлусілі, не дапускалі памылак, у чым яны нас папракаюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што цяперашні сход быў асаблівым, нават у параўнанні з першым УНС, хоць той быў важным і цяжкім. "Але грамадства было іншае і дэлегаты, мы былі тады іншыя, - заўважыў Прэзідэнт. - Тут я адчуў маналіт".

"Мы ўсе гаворым аб тым, што прыйдуць новыя людзі ў палітыку. Вы ў пераважнай большасці падрыхтаваныя людзі. Пабываўшы тут, вы набылі пэўны вопыт", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. І заклікаў дэлегатаў, асабліва моладзь, не ісці з палітыкі, выкарыстоўваць атрыманы пры падрыхтоўцы і ўдзеле ва УНС вопыт. "Калі вас будзе цікавіць палітыка, не ідзіце з яе. Асабліва ў перыяд партыйнага будаўніцтва і на гэтым сур'ёзным зломе ў нашым жыцці".

"Вярніцеся дамоў і далажыце людзям аб нашых рашэннях. Аб гэтым унутраным напале. Той дух перадайце людзям. Нас павінны перш за ўсё зразумець людзі, якія накіравалі нас сюды", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама ўспомніў практыку мінулых гадоў, калі рознага маштабу форумы, сходы праводзіліся органамі ўлады часцей. "Успомніце савецкі час: з'езды, паміж імі пленумы па абмеркаванні прынцыповых пытанняў. Мы неяк падыходзілі да гэтага пытання (а потым адышлі), калі мы збіралі актыў у Мінску і абмяркоўвалі актуальныя пытанні развіцця нашага грамадства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Значная мэта такіх сходаў - стасункі, абмен меркаваннямі, магчымасць пачуць адзін аднаго.

"Гэта таксама важна - каб вы адсюль паехалі перакананымі людзьмі. Калі вы перакананыя людзі, то вы за сабой зможаце павесці іншых", - упэўнены кіраўнік дзяржавы. Таму важнасць і каштоўнасць УНС якраз у тым, што "няхай Лукашэнка сваіх тут сабраў, але гэтыя свае ўплываюць на грамадства".

Асобна Прэзідэнт выказаўся пра канцэртную праграму, якая завяршыла першы дзень сходу і стала своеасаблівым падарункам для дэлегатаў. Хоць Аляксандр Лукашэнка не змог прысутнічаць асабіста, ён паглядзеў усю версію ў тэлеэфіры і высока ацаніў падрыхтаваную праграму. "Многія такога цэласнага канцэрта даўно не бачылі, дзе і рэгіёны ўдзельнічалі, дзе людзі танцавалі, спявалі. І сучасныя песні. Я бачыў рэакцыю многіх, асабліва жанчын. Думаў аб тым: здорава, людзі прыехалі і ўбачылі, што, аказваецца, ніхто не загубіў беларускую культуру. І тыя, хто сёння пераабуліся і пайшлі, - на іх месца прыйшлі маладыя, новыя", - падзяліўся меркаваннем беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі